Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне 22 сакавіка агучыў вырак у справе ўкраінца Паўла Грыба, абвінавачанага ў Расеі ў спрыяньні тэрарыстычнай дзейнасьці.
Напярэдадні падчас дэбатаў бакоў абвінавачаньне папрасіла для Грыба 6 гадоў зьняволеньня. Суд з аргумэнтамі пракурора пагадзіўся і пакараў менавіта такім тэрмінам: 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Адразу пасьля абвяшчэньня выраку на знак нязгоды з прысудам Павал Грыб абвясьціў галадоўку.
«Будзем падаваць апэляцыю. Адвакат падрыхтуе судовыя пазовы наконт неправядзеньня праверак па заявах аб выкарыстаньні супраць яго сілавых сродкаў і зьбіцьця супрацоўнікамі сьледчых ізалятараў. Калі ня будзе пазытыўных рашэньняў, будзем падаваць касацыю і зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека»,— сказаў у інтэрвію Свабодзе Ігар Грыб, бацька Паўла.
У жніўні 2017 году 19-гадовага ўкраінца выкралі ў Гомлі, куды ён прыехаў на сустрэчу зь дзяўчынай, якая назвалася Тацянай Яршовай. Пазьней ён сам выказаў здагадку, што ад яе імя зь ім размаўлялі расейскія сілавікі.
У верасьні таго ж году стала вядома, што ўкраінец утрымліваецца ў сьледчым ізалятары Краснадару — яго абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэракту» на школьнай лінейцы ў Сочы.
Летась Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд чарговы раз падоўжыў на 6 месяцаў тэрмін утрыманьня Грыба пад вартай.
Паводле бацькі Паўла, сын мае прыроджанае захворваньне, пры якім неабходна штодзённае спэцыфічнае лячэньне. У яго імкліва пагаршаецца стан здароўя, ён практычна асьлеп і стаў дрэнна арыентавацца, пагоршылася памяць. Аднак улады Расеі адмаўляюць украінскім лекарам агледзець маладога чалавека ў СІЗА.
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады у правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што Грыб знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці, яму патрэбна неадкладная апэрацыя на сэрцы.