Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чую як дыхае той хто спазнаў мяне». Вершы на Дзень паэзіі


Сёньня — Сусьветны дзень паэзіі. Як і летась, мы вырашылі адзначыць яго, прапануючы вам пачытаць (перачытаць) падборку беларускіх вершаў. Густ у паэзіі — рэч крайне суб’ектыўная, а таму спадзяемся, што ня будзеце дапікаць нас за тое, чаму такія аўтары і вершы, а ня іншыя. Праз год будуць іншыя. А сёлета — такія...

Алесь Ліпай

Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы,
які завуць у сьвеце Беларусьсю.
Мой Бог, дапамажы!
Дапамажы, —
бо я не паміраю, а баюся.

Мне страшны не нябыт, не тагасьвет —
мне боязна за ўсіх на гэтым сьвеце:
што Юда схоча больш яшчэ манэт
і Пётр не спыніцца на адрачэньні трэцім.

Мне страшна, што разбэшчаны натоўп
прысудзіць сьмерць Марыі Магдаліне,
што распачнуць зноў бабілёнскі стоўп
і мова беларуская загіне.

Што, атрымаўшы мой хітон, жаўнер
даваць сасьмяглым толькі воцат будзе...
Я не прашу, каб ратаваў мяне, —
малю, Гасподзь, зусім аб іншым цудзе:

хай мне гарэць у пекле на агні,
абы мой крыж у полымі не згінуў.
Элі!
Элі!
Лама савахфані!
Забі мой страх!
І выратуй краіну!

Галіна Сіўчанка

Уток

чую як дыхае той хто спазнаў мяне
помню як дзіўны горад страх праглынуў
чырваньню вышывала я кут па льне
клалася беласьледам на ўток ільну
там — вадаспад асалоды заўсёды там
тут — забыцьця прадзьзяньне няўмольна тут
сьцегам тваім — напрамак
і вей сьцягам
кожны шывок і кожны чырвоны кут
зоравугольля ў небе глыбокі квет
тонкай струны напятасьць ды кліч званоў
існасьці сну даказваюць іншасьвет
яву ільнуючы
зьявіўшы лён наноў
помню як ты і я не знайшлі дарог —
соцень дарог што сьцяліся у адну
чую як нехта забалаць перамог
моўкна кладу насьледзьдзе на ўток ільну

Ігар Канановіч

Песьня цмока

Варушыцца ўнутры няўмольны цмок,
Што чхаў aгнём на карныя законы.
Я выбраў час, я выбраў меч i бок.
Я жахам рэчаicнасьцi натхнёны.

Пашлi учынкам нашым умалот,
Айчыны ўкрыжаваная Надзея!
Ад праўды выступае горкi пот,
I кроў aд небясьпекi caладзее...

Ганна Комар

Трашчаць храсткі,
калі я расхінаю рукі
ўпусьціць цябе,
баляць калені
бегчы за табой.
Твая свабода
сягае далей за маю
забруджаную паэтыку.
Я выпраменьваю любоў,
абцяжараную плютоніем.
Пакінь мяне маім хваробам,
шукай нерадыёактыўнае ўлоньне.

Міхал Бараноўскі

На чорнай рацэ стаіць млын,
Што меле палын.
Каля яго —
Агонь,
А ў тым агні пякуць хлеб палыновы,
Бо стары хлеб летась пагніў
І забыліся сеяць новы.
Госпад высока,
Глядзіць далёка,
А тут крычы сабе, —
Хоць галёкай.
На любімай са сваіх моў галёкае Каін:
«Дзе ты, мой братка? Абель!.. Абель!..»
Абель ужо тры дні, як не прыходзіць дамоў.
Жывем, як усе,
Пакрысе.
Сухое лісьцё
Ды сьцёб,
І не тое, каб кладзіся ды памірай.
Так, радзіму, вядома, не выбіраюць,
Але і не абіраюць так.
Тут вакол дрыгва і гвалт,
Непралазная твань,
Адным словам,
Літва.
Не дачакаўшыся яе малака,
Каін усё крычыць:
«Жыве! Жыве палыновы наш край!!!»
Так і жывем.
На лёс, калі ласка,
Не наракай,
Калі хату будуеш з краю.

Вольга Гапеева

думаеце, мужчыны разважаюць пра глябальнае ў сьвеце?
пра тое што ў афрыцы галодныя дзеці?
і што плянэце
пагражае зьнішчэньне?
аказваецца там іншае вымярэньне,
мужчына калі я распавядаю яму пра мэтафізыку ўлады
або фэмінісцкую крытыку мовы
думае выключна пра позы
у якіх ён мог бы мяне кахаць
і позірк ягоны тады вельмі сканцэнтраваны
здаецца, ён думае пра вандроўкі намады
і намадычных суб’ектаў
ці рыхтуе свой аргумэнт на карысьць патрыярхатнай сыстэмы
укладаючы ўсё ў архетыпы і міфалягемы
і калі ўзгадаю фуко і дысцыплінаваньне цела
ён запытаецца:
— а ты б хацела
каб я цябе дысцыплінаваў пугай?
ніякіх высокіх матэрый
і квадратур круга
чыстая геамэтрыя разьмяшчэньня мяне ў прасторы
мэханіка цел без сантымэнтаў і перамоваў

Наста Манцэвіч

Калі ў вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
«О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы...»
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь —
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак
цукеркі цягаць з буфэту
ды красьці ў суседа сьлівы...і быць маленькім і лёгкім,
і, ёб вашу маць,
Шчасьлівым.

Сабіна Брыло

необходимое в доме
всё есть
но не найти никогда
в необходимый момент
так же
необходимое в жизни
знаешь ведь точно:
есть в голове —
но где там

Зоя Сачко

v biêłych obruskach
— šare zmerkanie

v kožuchovi — ne tryščyt moroz

povjali vinki v makatkach

pasiaki — ne tak uže pasiasty

płachty v perebory
perebirajutsia pomału
na toj sviêt

stupajem
a pudłoha tryščyt
by krykliva vorona

za stołom
obiêdajut tiêni minułoho

tôlko pavuk
v kutkovi z ikonoju
plete-zapletaje
našy dumki

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG