За апошні час у Гомельскай вобласьці двое дзяцей памерлі, як мяркуецца, ад мэнінгіту. Аднак, як запэўніў Свабоду галоўны дзяржаўны санітарны доктар вобласьці Аляксандар Тарасенка, «хвалявацца ня трэба, ніякай падставы для эпідэміі мэнінгіту няма».
16 лютага ў Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні памёр двухгадовы хлопчык. 11 сакавіка там жа памерла вучаніца дзясятай клясы.
Праверку абодвух выпадкаў вядзе Сьледчы камітэт.
Паводле Аляксандра Тарасенкі, штогод у вобласьці рэгіструецца захворваньне на мэнінгіт, «але гэта адзінкавыя выпадкі, а ня масавыя».
Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Гомельскай вобласьці пацьвердзіў, што «ў прафіляктычных мэтах» вучням гомельскай школы № 1, дзе вучылася памерлая дзесяціклясьніца, раілі прайсьці курс антыбіётыку аўгмэнтыну.
Але ці зьвязана гэта з тым, што вучаніца 10 клясы, як мяркуецца, памерла ад мэнінгіту?
«Ад чаго памерла дзіця, пакуль казаць рана, бо яшчэ ідуць адпаведныя дасьледаваньні. Таму тут пакуль без камэнтароў», — сказаў Аляксандар Тарасенка.