Што будзе рабіць Беларусь пасьля выхаду ЗША і Расеі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці? Ці варта чакаць ад афіцыйнага Менску сумесных з Масквой дзеяньняў у адказ на магчымае разьмяшчэньне амэрыканскіх ракет у Эўропе?
Гэтыя пытаньні былі ў цэнтры дыскусіі, якую правялі ўвечары 12 сакавіка ў Менску аналітыкі экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг». Мадэратар, ён жа кіраўнік «Менскага дыялёгу», — Яўген Прэйгерман.
Дыскусію прымеркавалі да сёмага выпуску «Менскага баромэтру» — прадукту, які рыхтуе раз на два месяцы экспэртная ініцыятыва. Гэта вынік супрацоўніцтва шэрагу спэцыялістаў у галіне бясьпекі і міжнародных дачыненьняў. Пачынаючы са студзеня 2018 году яны рэгулярна аналізуюць пяць асноўных кірункаў у зьнешняй палітыцы Беларусі (Расея, ЭЗ, ЗША, Кітай і Ўкраіна), а таксама сытуацыю ў сфэры бясьпекі Беларусі і вакол яе межаў.
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін выказаў меркаваньне, што калі далей падзеі будуць разьвівацца ў нэгатыўным пляне, то кіраўніцтву Беларусі будзе «выключна цяжка» ня выканаць расейскія пляны па разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі найноўшых ракет. Хоць нядаўна расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч казаў, што такога ня будзе, Алесін ня выключае, што напрыканцы 2019 году ў Беларусі могуць зьявіцца расейскія ракеты, якія будуць усталяваныя на шасі Менскага заводу колавых цягачоў.
«Гэтыя ракеты можна захоўваць у Расеі, але затым перавезьці ў Беларусь, паставіць на менскія шасі, і яны будуць гатовыя да дзеяньня», — сказаў Алесін.
У дыскусіі ўдзельнічаў Мікалай Аўсянка, начальнік аддзелу міжнароднай бясьпекі і кантролю над зброяй Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што кіраўніцтва Беларусі зацікаўленае ў захаваньні дамовы. Калі Беларусь ня выйдзе з дамовы, застаюцца дзьве галоўныя мэты дамовы: не вырабляць і не распаўсюджваць зброю.
Было падкрэсьлена, што дамова дзейнічае да 2 жніўня. Таму падзеі могуць разгарнуцца як у пазытыўным, так і ў нэгатыўным пляне.
Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД
ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
- Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
- Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.