Больш за 640 кг замарожаных цвыркуноў зьнішчылі супрацоўнікі Рассельгаснагляду Бранскай вобласьці Расеі, паведамляюць «Новости Брянска». Паводле публікацыі, цвыркуны належалі беларускай кампаніі «Онта-біятэхналёгіі». Іх везьлі ў Маскву.
Афіцыйнага паведамленьня ад Рассельгаснагляду на моман публікацыі не было. Паводле «Новостей Брянска», спачатку 39 скрынак з грузам забрала мытня, пазьней цвыркуноў перадалі ў Рассельгаснагляд, дзе з такімі насякомымі сутыкнуліся ўпершыню.
Прычынай для канфіскацыі стала адсутнасьць вэтэрынарнага заключэньня. Таксама на ўпакоўцы не было маркіроўкі і інфармацыі пра:
- найменьне;
- вытворцу;
- умовы перавозкі;
- дату вытворчасьці;
- тэрмін прыдатнасьці.