Увечары 8 сакавіка 66-гадовы жыхар Лунінца падчас сваркі ў доме сваёй цешчы забіў са стрэльбы сваю 56-гадовую жонку, яе 78-гадовую маці і 50-гадовага брата, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі ў афіцыйным Тэлеграм-канале.
Пасьля гэтага мужчына стрэліў сабе ў галаву, аднак застаўся жывы. Цяпер ён знаходзіцца ва установе аховы здароўя пад канвоем.
Міліцыю выклікала адна з пацярпелых, аднак калі праваахоўнікі прыехалі на месца здарэньня, усе трое пацярпелых ужо сканалі.
У дачыненьні да мужчыны мясцовы СК распачаў крымінальную справу па ч.2 арт.139 (забойства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Артыкул прадугледжвае пакараньне ад 8 да 25 гадоў пазбаўленьня волі, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.
Падазраваны раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся, дазволу на захоўваньне зброі ня меў.