Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурневіч супраць Дракахруста: Асудзіць ці апраўдаць Голубева і Трусава


Аляксандар Лукашэнка падчас «вялікай размовы», Менск, 1 сакавіка 2019
Аляксандар Лукашэнка падчас «вялікай размовы», Менск, 1 сакавіка 2019

Дыскусія наконт выказваньняў былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня пра «вялікую размову з прэзыдэнтам».

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Алег Трусаў: «Я быў проста ў захапленьні ад таго, што чуў і бачыў. Я магу параўнаць хіба з тым, як было, калі я абвяшчаў нашу незалежнасьць, і цяпер праз 25 год паўтарылася тое, што было».

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Валянцін Голубеў: «Я ўпершыню на такім паседжаньні і, канечне, не чакаў, што Аляксандар Рыгоравіч столькі ўвагі зьверне на мяне. Мы потым яшчэ размаўлялі зь ім у перапынку, пагаварылі коратка пра незалежнасьць, пра гісторыю беларускай дзяржавы, пра пэрспэктывы. Самая галоўная ідэя сёньняшняга мерапрыемства была — незалежная Рэспубліка Беларусь, незалежнасьць дзяржавы. Я вельмі ўражаны сустрэчай, мне было вельмі цікава».

Гурневіч — Аргумэнты абвінавачваньня

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч
  • ​Для многіх, Трусаў і Голубеў аўтарытэты, бо яны абвяшчалі, галасавалі за незалежнасьць, у адрозьненьні, дарэчы, ад Лукашэнкі.
  • Трусаў падчас гэтай «вялікай размовы» не атрымаў ніякіх палёгкаў, бонусаў для ТБМ. Хіба не наадварот. Дык дзеля чаго было казаць тое, што ён казаў? Паставілі б яго кіраўніком БТ, як некалі Бураўкіна, дык я б прынамсі зразумеў, дзеля чаго гэта гаворыцца.
  • Што дазваляюць Трусаву — зарэгістраваць унівэрсытэт, які вядзе заняткі ў сядзібе ТБМ? Што наагул робіць ТБМ? Яно ж не дае ніякіх інфармацыйных нагодаў пра сваю дзейнасьць.
  • Наконт незалежніка-Лукашэнкі — я пачуў ад яго, што будзе адна валюта з адзіным эмісійным цэнтрам у Санкт-Пецярбургу
  • Пагроза незалежнасьці заўсёды была, ёсьць і будзе. Сьпісваць усё на «вайну» — гэта значыць ня рухацца ні ў якім напрамку.
  • Лукашэнка не змагаецца за незалежнасьць, гэта ілюзія. Якое змаганьне за незалежнасьць з боку дзяржавы, дзе няма дэмакратыі, няма свабоднага рынку, адкуль моладзь марыць уцячы, дзе няма месца для нацыянальнай культуры?

Дракахруст — Аргумэнты абароны

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
  • ​Усё гэта было і ў савецкія часы, і нават пры царах. Кіраваў у свой час Генадзь Бураўкін БТ, беларусізаваў яго, дазваляў некаторыя вольнасьці. Дык колькі за тое даводзілася казаць хваласьпеваў роднай партыі, Леніну, асабіста таварышчам Машэраву і Брэжневу. Магчыма, яно было таго і варта.
  • Трусаў і Голубеў такімі «паклонамі» спрабавалі абараніць, паспрыяць сваім зусім не асабістым справам: Трусаў — ТБМ, Голубеў — акадэмічнаму інстытуту. Ад стаўленьня ўлады лёс гэтых справаў залежыць далёка не ў апошнюю чаргу
  • На думку многіх, цяпер незалежнасьць Беларусі — пад асаблівай пагрозай. Лукашэнка — не адзіны яе гарант, але прынамсі адзін з гарантаў. Абвясьці ён, што прымае расейскія прапановы, «ультыматум Мядзьведзева», невідавочна, што незалежнасьць уратавалі б іншыя гаранты.
  • Для Голубева і Трусава яны — ляяльная супрацьвага іншым сілам, якія ўплываюць на ўладу: рознага кшталту адэптам «рускага сьвету», папам, казакам, таму ж Дзерманту зь яго «Бесьсмяротным палком»
  • Голубеў і Трусаў — за незалежнасьць, Лукашэнка — таксама, хай сабе і сыходзячы адно зь меркаваньняў захаваньня ўлады. Яны палічылі вартым абазначыць сваімі заявамі, што гэтая мэта ў іх зь кіраўніком дзяржавы агульная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG