4 сакавіка ў Менску затрымалі трох удзельнікаў акцыі ў падтрымку палітвязьняў, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы 26 лютага.
Алесь Абрамовіч, былы прадпрымальнік, грамадзянскі актывіст з Барысава, пасьпеў паведаміць пра сваё затрыманьне.
«Мяне выклікалі позвай у Цэнтральны РУУС Менску і тут затрымалі. Склалі на мяне пратакол за ўдзел у акцыі салідарнасьці», — пасьпеў сказаць Алесь Абрамовіч праз тэлефон карэспандэнту Свабоды.
Увечары 4 сакавіка Алеся Абрамовіча суд Цэнтральнага раёну пакараў штрафам у 1020 рублёў (40 базавых велічыняў).
Сёньня ж у Менску затрымалі яшчэ двух удзельнікаў акцыі — Андрэя Кашэўскага з Жодзіна і былога палітвязьня Мікалая Дзядка.
Андрэя Кашэўскага адвезьлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы.
Мікалая Дзядка затрымалі ў будынку Фрунзенскага раённага суду адразу пасьля таго, як аштрафавалі за допіс у сацсетках.
Раней за ўдзел у акцыі ўжо пакаралі пяцёра чалавек
1 сакавіка за заклікі да акцыі быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту сустаршыня БХД Павал Севярынец.
У той жа дзень штрафы ад 40 да 45 базавых велічынь атрымалі за ўдзел у акцыі актывісты Арцём Чарняк, Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава. Актывістаў судзілі ў Цэнтральным раённым судзе Менску.
Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі прайшла ўвечары 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы. У ёй бралі ўдзел 10 чалавек. Пра першыя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі стала вядома ў той жа дзень позна ўвечары.