Міністэрства культуры абвясьціла конкурс праектаў помніка народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў Стоўпцах, паведамляе БЕЛТА. Помнік будзе ўсталяваны ў сквэры па вуліцы Цэнтральная.
«Конкурс мы праводзім для таго, каб знайсьці найбольш выразны вобраз клясыка беларускай літаратуры Якуба Коласа для стварэньня помніка на малой радзіме паэта. Яго кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне павінна быць вытрымана ў лепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва», — цытуе БЕЛТА міністэрства.
Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве запрашаюцца прафэсійныя скульптары і архітэктары. Пераможца атрымае права на стварэньне помніка, кошт якога ня можа перавышаць 200 тысяч BYN, якія выдаткуе Стаўпецкі раённы выканаўчы камітэт.
Якуб Колас нарадзіўся 22 кастрычніка 1882 году ў засьценку Акінчыцы Менскага павету Менскай губэрні, цяпер гэта тэрыторыя гораду Стоўпцы.