У выпадку, калі прадстаўніка БНК Міколу Статкевіча не зарэгіструюць кандыдатам, Беларускі нацыянальны кангрэс падтрымае на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдатуру сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.
Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі БНК заявілі палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў, піша Эўрарадыё.
Пазьней у эфіры тэлеканалу «Белсат», Статкевіч назваў гэтую інфармацыю маніпуляцыяй. Таксама ён заявіў, што ня будзе «аддаваць камусьці сваё права ўдзелу ў выбарах», бо цяпер зьяўляецца «самым аўтарытэтным беларускім палітыкам».
Дык а што з выбарамі?
Выступоўцы запэўнілі: нягледзячы на тое, што раней яны вылучаліся кандыдатамі ў прэзыдэнты паасобку, цяпер яны гатовыя абʼяднацца перад пагрозай далучэньня Беларусі да Расеі. Яны ідуць на прэзыдэнцкія выбары з мэсэджам захаваньня незалежнасьці Беларусі і гатовыя вылучыць адзінага кандыдата. Такім кандыдатам ад іх стане Мікалай Статкевіч.
Палітыку праз яго не пагашаную судзімасьць могуць адмовіць у рэгістрацыі. У такім выпадку Нацыянальны кангрэс гатовы падтрымаць правацэнтрысцкую кааліцыю, калі ад яе будзе вылучаны Павал Севярынец.