Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына супраць ініцыятываў ЛДП і «Белай Русі»


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала Свабодзе прапановы ў выбарчае заканадаўства, якія паходзяць ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі і грамадзкай арганізацыі «Белая Русь».

Лібэральныя дэмакраты Сяргея Гайдукевіча ўжо ня першы раз кажуць пра неабходнасьць увесьці на парлямэнцкіх выбарах зьмяшаную сыстэму. Яны лічаць, што частку дэпутацкіх мандатаў (ад чвэрці да паловы) трэба аддаць палітычным партыям. Іх уладальнікаў выбарнікі вызначаць, галасуючы паводле партыйных сьпісаў. А другую частку дэпутатаў трэба абіраць, як і цяпер, праз аднамандатныя акругі.

Ярмошынай гэта не падабаецца. Яна выступае за тое, каб ужывалася толькі адна сыстэма. Альбо мажарытарная, як цяпер, калі ўсе дэпутаты абіраюцца ў аднамандатных акругах. Альбо прапарцыйная, калі ўсе дэпутаты абіраюцца праз партыйныя сьпісы:

«Калі палову дэпутацкіх месцаў аддаць партыям, то ў аднамандатных акругах будзе ў сярэднім па 126 тысяч выбарнікаў. Які гэта дэпутат зможа працаваць з такой велізарнай колькасьцю насельніцтва?! Яны да яго на прыём ня трапяць, а можа, нават і не пабачаць ніколі. Гэта вельмі вялікая колькасьць выбарнікаў».

Старшыня Цэнтравыбаркаму кажа, што пераход на сыстэму «50 на 50» запатрабуе істотнага парогу падтрымкі партыяў выбарнікамі.

«Можа атрымацца так, што бар’ер пераадолеюць літаральна адна-дзьве партыі. А адна з мэтаў прапарцыйнай сыстэмы — правесьці ў парлямэнт партыі нават зь невялікай электаральнай падтрымкай. Каб усе выбарнікі былі там прадстаўленыя», — падкрэсьлівае Ярмошына.

Абавязковы ўдзел у выбарах — крок назад

«Я катэгарычна супраць», — рэагуе старшыня ЦВК на ініцыятыву «Белай Русі» юрыдычна прымусіць выбарнікаў абавязкова ўдзельнічаць у выбарах.

«Я ўжо казала аўтарам гэтай ідэі, што іх прапанова — гэта крок назад, а ня крок наперад. Нельга адступаць ад свабодаў, якія даруе Канстытуцыя. А наш Асноўны закон гарантуе свабодны ўдзел у выбарах. Хіба можна прымусіць кагосьці быць шчасьлівым?! Любы прымус выкліча вялікую і абгрунтаваную крытыку і ўнутры краіны, і за яе межамі», — упэўненая Ярмошына.

Альфер: Партыі ёсьць, а партыйнай сыстэмы няма

Адмысловец у пытаньнях выбараў Сяргей Альфер мяркуе, што ў пэрспэктыве Беларусь пяройдзе на абраньне парлямэнту выключна праз партыйныя сьпісы.

Аднак пачынаць трэба якраз са зьмяшанай сыстэмы, лічыць экспэрт. На яго думку, такі экспэрымэнт неабходны:

«Калі перайсьці на формулу „50 на 50“, то дзесьці ў Віцебскай вобласьці адзін дэпутат будзе на тры, а ў некаторых месцах і на чатыры раёны. І тут трывога Ярмошынай мне зразумелая. Але я хацеў бы пераканацца, што выбарнікі сёньня ведаюць сваіх дэпутатаў. Калі запытацца ў іх, хто ваш дэпутат, то я ўпэўнены: каля 95% людзей не назавуць яго прозьвішча. Так што тэзіс Ярмошынай тэарэтычна як бы правільны, а практычна ён ня дзейнічае».

Аспрэчвае адмысловец і тэзіс старшыні Цэнтравыбаркаму пра неабходнасьць мець у парлямэнце невялікія партыі.

«Сьвет ад гэтага адыходзіць. Няма толку, калі ў парлямэнце прадстаўленыя дзясятак і болей партыяў (у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партыяў. — РС). Пачынаецца доўгая валтузьня са стварэньнем кааліцыйнага ўраду. У кожнага гульца свае амбіцыі, і часта на гэта траціцца шмат часу і высілкаў», — лічыць Альфер.

Экспэрт не ўяўляе, як можна ў Беларусі адразу перайсьці на партыйную сыстэму выбараў:

«Партыі ў нас ёсьць. А партыйнай сыстэмы няма. Пры цяперашняй уладзе партыйная сыстэма аб’ектыўна ня можа прыжыцца».

110 дэпутатаў — мала, 2 палаты — непатрэбныя

Каб стварыць сапраўдны парлямэнт, у Беларусі трэба шмат што зьмяніць, кажа Альфер:

«Цяперашняе заканадаўства заточанае так, што бязь візаў выканаўчых структураў дэпутаты проста ня могуць прыняць ніводзін законапраект. Абавязковае ўзгадненьне з зацікаўленымі вяжа іх па руках і нагах. Таму трэба ісьці да сапраўднага парлямэнту».

Экспэрт прапануе ліквідаваць Нацыянальны сход у выглядзе дзьвюх палат: верхняй — Савету Рэспублікі і ніжняй — Палаты прадстаўнікоў.

«Нам цалкам хопіць аднапалатнага парлямэнту. У ім, паводле эўрапейскіх стандартаў, будуць дзесьці 200 дэпутатаў», — падсумоўвае экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG