Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў 9 гадоў зьняволеньня для былога галоўнага патолягаанатама


Аркадзь Пучкоў на лаве падсудных, 22 студзеня 2019 году
Аркадзь Пучкоў на лаве падсудных, 22 студзеня 2019 году

У Ленінскім раённым судзе Менску падыходзіць да завяршэньня працэс над былым галоўным патолягаанатамам Менску Аркадзем Пучковым, якога абвінавачваюць у шматразовым атрыманьні хабару ў вялікім памеры. Паводле сьледзтва, Пучкоў атрымаў агулам каля 200 тысяч даляраў.

Пракурор Сьвятаслаў Вялікі сказаў, што віна Аркадзя Пучкова ў хабарніцтве была ў судзе цалкам даказаная і папрасіў для яго 9 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Пракурор не знайшоў абставінаў, якія б абцяжарвалі віну Пучкова, і назваў 3 абставіны, якія аблягчаюць ягоную віну: раскаяньне, узрост і частковую кампэнсацыю нанесеных стратаў. Пры гэтым пракурор папрасіў суд улічыць, што Пучкоў зьдзяйсьняў свае злачынствы цягам доўгага пэрыяду і назваў ягоныя дзеяньні «ў значнай ступені сацыяльна небясьпечнымі».

«Я такога не прыпомню, каб начальнік абклаў данінай сваіх падначаленых, і гэта цягнулася гадамі, а пры гэтым ва ўстанове працавала камісія па барацьбе з карупцыяй, прычым абвінавачаны сам яе ўзначальваў», — абурыўся пракурор і папрасіў улічыць суд гэтыя абставіны.

У пачатку лютага Пучкову выставілі новае абвінавачаньне, якое збольшага паўтарыла тое, што інкрымінавалася пракуратурай спачатку, але былі ўдакладненыя сумы хабараў, якія Аркадзь Пучкоў цягам апошніх 16 гадоў гадоў атрымліваў ад падначаленых яму супрацоўнікаў патолягаанатамічнага бюро Менску і бізнэсоўцаў, што арандавалі памяшканьні на тэрыторыі бюро.

Як і за што браў хабар?

Нагадаем, Пучкоў працаваў начальнікам патолягаанатамічнага бюро больш за 20 гадоў. Затрымалі яго ў чэрвені 2018 году пасьля атрыманьня 3 тысяч даляраў хабару. Грошы знайшлі падчас ператрусу ў лядоўні. Ад атрыманьня гэтага хабару Пучкоў не адмаўляўся. Як і ад таго, што атрымліваў хабары ад санітараў морга ды іншых супрацоўнікаў бюро, у тым ліку кіроўцаў катафалкаў. Браў прыкладна па 10% ад заробку. Але з адпускных, як спачатку сьцьвярджала сьледзтва, Аркадзь Пучкоў пэўнага «адсотка» з падначаленых ня браў, ад гэтага абвінавачаньне адмовілася.

На што траціў

На што ішлі атрыманыя грошы? Паводле Аркадзя Пучкова, частку хабараў ён патраціў на лячэньне за мяжой хворай на рак жонкі, але таксама за хабары фінансаваў падарункі для бальніц, купляў квіткі ў тэатар для замежных дэлегацый, аплочваў іхныя вячэры ў рэстарацыях. Нават траціў грошы на лазьню, у якую хадзілі расслабляцца супрацоўнікі бюро і госьці. Толькі венікаў для лазьні штогод закуплялася больш за 100 штук, прагучала ў судзе.

Падчас дачы паказаньняў Аркадзь Пучкоў расплакаўся.

«Праз 4 дні мне будзе 70 гадоў, пойдзе восьмы дзясятак. Сустракаць юбілей за кратамі, ня ў коле сям’і і сяброў — самае вялікае пакараньне, якое я сам сабе зрабіў».

Пучкоў прызнаў віну ва ўсіх эпізодах аб хабары, акрамя аднаго — ад бізнэсоўца Ермака, які ў пачатку 2000-х арандаваў памяшканьне на тэрыторыі патолягаанатамічнага бюро.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG