Апоўдні 24 лютага ў Берасьці быў затрыманы блогер Аляксандар Кабанаў. Гэта адбылося на выхадзе з кватэры Сяргея Пятрухіна — ад раніцы ў двары дому дзяжурыў АМАП.
Затрыманьне адбылося перад пачаткам штотыднёвай акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. Ужо год кожную нядзелю берасьцейцы зьбіраюцца на несанкцыянаваныя акцыі «кармленьня галубоў».
Абноўлена, 14:10. Алксандар Кабанаў расказаў Свабодзе, што яго выпусьцілі з РАУС Маскоўскага раёну неўзабаве па завяршэньні мітынгу. Яго затрымалі праз новую заяву аб абразе кагосьці — але ён адмовіўся ад азнаямленьня з заявай без адваката.
Паводле розных падлікаў, на акцыю пратэсту выйшлі ад 150 да 180 чалавек. Людзі пастаялі на плошчы Леніна і а 12:40 рушылі шэсьцем па цэнтру Берасьця. Пратэстоўцы прайшлі да кінатэатру «Беларусь» — ужо тры тыдні акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці праходзяць у такім фармаце. Каля 13:20 пратэстоўцы разышліся, аб затрыманьнях на акцыі (акрамя затрыманьня Кабанава да мітынгу) не паведамлялася.
Берасьцейскія ўлады забаранілі больш як паўсотні мітынгаў супраць заводу, дазволілі толькі адзін мінулым летам. Цяперашнюю забарону зьвязалі з тым, што ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў (дазволеным уладамі для «мітынгаў без заявак») праводзяцца мерапрыемствы, зьвязаныя з Днём абаронцаў айчыны.
Будзе дапоўнена
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.