Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура разарваў дыпляматычныя стасункі з Калюмбіяй. На межах Вэнэсуэлы сутыкненьні, ёсьць ахвяры


Сутыкненьні дэманстрантаў і вэнэсуэльскіх праваахоўнікаў у горадзе Ўрэна на мяжы з Калюмбіяй, 23 лютага
Сутыкненьні дэманстрантаў і вэнэсуэльскіх праваахоўнікаў у горадзе Ўрэна на мяжы з Калюмбіяй, 23 лютага

Нікаляс Мадура заявіў 23 лютага аб разрыве дыпляматычных стасункаў Вэнэсуэлы з Калюмбіяй. Як піша Reuters, ён абвінаваціў калюмбійскія ўлады ў дапамозе вэнэсуэльскай апазыцыі, якая спрабуе ўвезьці ў краіну гуманітарную дапамогу, і назваў гэта «атакай на Вэнэсуэлу».

Вэнэсуэльскія войскі, якія падтрымліваюць Нікаляса Мадура, закрылі межы з Калюмбіяй — а раней таксама закрыла межы з Бразыліяй. Вэнэсуэльская армія афіцыйна паведаміла аб разьмяшчэньні дадатковых войскаў на мяжы з Калюмбіяй

Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў не прызнала разрыву стасункаў, бо не прызнае Мадура законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Калюмбія ж пагадзілася з патрабаваньнем высылкі сваіх дыпляматаў з Вэнэсуэлы, часова закрыла межы з Вэнэсуэлай у раёнах, дзе адбыліся сутыкненьні.

Мадура не прапускае гуманітарную дапамогу

Тым часам, як піша Reuters, грузавікі з гуманітарнай дапамогай вярнуліся ў Калюмбію пасьля няўдалай спробы праехаць у Вэнэсуэлу. Вайскоўцы, ляяльныя Мадура, атакавалі калёну – прынамсі два грузавікі зь ежай і мэдыкамэнтамі былі спаленыя, яшчэ прынамсі два засталіся недзе на тэрыторыі Вэнэсуэлы.

У сутыкненьнях на мяжы вэнэсуэльскі бок ужываў сьлезацечны газ і гумовыя кулі, а пратэстоўцы — камяні. Пацярпелі дзясяткі чалавек (паводле калюмбійскіх уладаў, 285 чалавек). Як перадае The Guardian, у сутыкненьнях на мяжы з Бразыліяй вэнэсуэльскія ўзброеныя сілы ўжывалі агнястрэльную зброю, параненыя прынамсі 18 чалавек і забітыя прынамсі чатыры.

Апазыцыйны лідэр Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам (і быў прызнаны такім ЗША, большасьцю краінаў Амэрыкі і Заходняй Эўропы) абяцаў забясьпечыць дастаўку гуманітарнай дапамогі ў краіну, нягледзячы на супраціў рэжыму Мадура. У суботу Гуайдо асабіста браў удзел у выпраўцы каравану грузавікоў з гуманітарнай дапамогай з калюмбійскага гораду Кукута.

ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць Гуайдо

Пасьля правалу спробы даставіць гуманітарную дапамогу віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс прызначыў на панядзелак сустрэчу з Гуайдо ў Калюмбіі. Гуайдо тым часам заявіў, што просіць міжнародную супольнасьць разглядаць «усе варыянты», каб спыніць узурпацыю ўлады, паспрыяць працы пераходнага ўраду і правядзеньню свабодных выбараў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа, як перадае Associated Press, заклікаў вэнэсуэльскія органы бясьпекі «зрабіць правільную рэч» і прапусьціць гуманітарную дапамогу, а таксама абараніць мірных жыхароў ад «узброенай банды» Мадура.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG