Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарога ў школу: па грунтоўцы зь ліхтаром празь лес. ВІДЭА



11-гадовы Лёша Тулай жыве ў новым катэджавым мікрараёне Горадні — у Ласосьне. Каб дабрацца ў школу, Лёша штодня ідзе 2 кілямэтры да аўтобуснага прыпынку, прычым палова дарогі — празь лес па неасьветленай грунтавой дарозе бяз ходнікаў і ўзбочын. Дарога пятляе, час ад часу па ёй праяжджаюць машыны і БМП з вайсковай часткі.

Узімку на дарозе галалёдзіца, улетку ад машын стаіць пыл, у дажджы яе размывае, робяцца вялікія лужыны.

«У мяне ня раз сын вяртаўся са школы брудны, таму што падаў у яму па дарозе, — расказвае Лёшава мама Тацяна Тулай. — Я, вядома, разумею, што ў свой час Ламаносаў па бездарожжы ў Маскву прыйшоў па веды. Але я б не хацела, каб маё дзіця штодня так у школу хадзіла. З гэтым трэба нешта рабіць».

Дзеля бясьпекі Лёша асьвятляе шлях ліхтарыкам і накладае флікер.

«Маленькая Аўстрыя» у Горадні

Гэты кавалак гораду называюць «Маленькай Аўстрыяй», а віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін прыводзіў яго як узор іншым абласьцям.

Мікрараён Ласосна-4
Мікрараён Ласосна-4

У мікрараёне жыве каля 100 сем’яў, у многіх па некалькі дзяцей. Ня ўсіх зь іх бацькі могуць вазіць на заняткі на машыне. Жыхарам абяцалі, што дарогу пабудуюць цягам году пасьля таго, як дамы здадуць у эксплюатацыю. Але і празь некалькі гадоў дарогі няма.

Жыхары Ласосны ня раз зьвярталіся да ўладаў з просьбай пракласьці каля 1 кілямэтру дарогі да асфальту, дзе прыпынак гарадзкога транспарту. Год перапісак зь дзяржаўнымі органамі ня даў вынікаў.

Улады: аб’ект ўключаны ў плян на 2019 год

Вядучы інжынэр дзяржаўнага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Горадзенскага аблвыканкаму» Натальля Лебедзева не здолела адказаць на пытаньне Свабоды, калі пабудуюць асфальтавую дарогу ў гэтым мікрараёне.

«Канкрэтна я вам паведаміць не магу, але ў рамках сваёй кампэтэнцыі скажу, што аб’ект ўключаны ў пералік для добраўпарадкаваньня на 2019 год», — сказала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG