Амэрыканскі сайт globalfirepower.com, які зьмяшчае зьвесткі пра войскі ў розных краінах, перастаў адкрывацца ў Беларусі празь некаторых інтэрнэт-апэратараў. У прыватнасьці, на сайт нельга зайсьці праз Velcom і МТС.
«Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь», — такое паведамленьне выдае мабільны апэратар Velcom, калі спрабуеш наведаць амэрыканскі сайт рэйтынгу вайсковай моцы globalfirepower.com.
У паведамленьні дадаюць, што рашэньне прынятае адпаведна з законам «Аб СМІ». Праз МТС сайт проста не адкрываецца, але ніякага паведамленьня пра яго блякаваньне няма; такая ж сытуацыя з правайдэрам «Белтэлекам».
Што за сайт
Globalfirepower.com зьбірае і публікуе зьвесткі пра арміі ў розных краінах. Празь яго можна даведацца, напрыклад, пра колькасьць пяхоты, самалётаў, танкаў ды іншыя зьвесткі. Інфармацыя пра Беларусь на сайце таксама ёсьць.
Чаму заблякавалі
У Міністэрстве абароны, якое магло зьвярнуцца з запытам пра блякаваньне гэтага сайту нічога ня ведаюць. Так патлумачыў карэспандэнту Радыё Свабода прэс-сакратар Уладзімер Макараў.
«Памятаю, што нібыта быў такі, але што забаранілі, ня ў курсе, мы дакладна ні пры чым», — сказаў Макараў.
У Міністэрстве інфармацыі, куды зьвярнулася Радыё Свабода, папрасілі напісаць пісьмовы запыт. Ва Ўпраўленьні прававога забесьпячэньня і кантролю за выкананьнем заканадаўства дадалі, што прычына можа быць у тэхнічных праблемах.
Раней у Беларусі ня раз блякавалі сайты, сярод іх і інфармацыйныя.
Так, у сьнежні 2017 году на рашэньне Мінінфармацыі быў абмежаваны доступ да сайту «Белорусский партизан», бо «на інфармацыйным рэсурсе рэгулярна разьмяшчаліся матэрыялы, у якіх ёсьць забароненая інфармацыя». Сайт аднавіў работу ў дамэннай зоне .by.
24 студзеня 2018 году Міністэрства інфармацыі без папярэдняга паведамленьня выдала распараджэньне заблякаваць у Беларусі сайт Charter97.org.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай блякаваньня «Хартыі» сталі публікацыі, якія могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэньнем даты і месца яшчэ не дазволеных акцый пратэсту і распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.