З канца 1980-х і да канца 1990-х Сяргей Брушко працаваў фатографам у «Чырвонай зьмене» і «Народнай газеце». У 2000 годзе памёр. Праз 19 год ягоны сын, таксама фатограф Зьміцер Брушко зьбірае грошы на выданьне фатакнігі «Зьмена». У яе ўвайшлі сто зь лішнім фатаздымкаў Брушко-старэйшага, зробленых у 1988–1993 гадах. На думку сына, гэта будзе першая фатакніга, дзе будзе паказана нараджэньне незалежнай Беларусі.
Мы пагаварылі са Зьмітром пра тое, як ягоны бацька жыў у фоталябараторыі Дома прэсы, пра фотагенічнасьць Беларусі і сучасную цэнзуру, якая лічыць фота з 1990-х гадоў экстрэмісцкімі.
Падлеткам здымаў пахаваньні ў вёсцы, у маладосьці жыў у падвале Дома прэсы
Сяргей Брушко вырас у Нясьвіскім раёне — у пасёлку Гарадзея. У дзяцінстве на дзень народзінаў яму падарылі фотаапарат. Яшчэ падлеткам ён зарабляў грошы, здымаючы вясельлі і пахаваньні.
Сяргей скончыў школу з адной чацьвёркай, але ня змог паступіць на геафак у БДУ. Пасьля войска ён скончыў фотавучэльню ў Маладэчне, працаваў у фатастудыі ў Салігорску. Потым стаў фатакорам мясцовай газэты «Калійшчык Салігорску». З канца 1980-х — у «Чырвонай зьмене». Каб працаваць у Менску, ён жыў у падвале Дома прэсы, дзе была фоталябараторыя.
«Год дакладна, — кажа Зьміцер Брушко. — І не адзін ён. Калегі, якія працуюць цяпер на заходнія мэдыі, пачыналі з такога ж шляху».
Так адбывалася, бо Менск быў закрытым горадам. І без прапіскі нельга было атрымаць працу. А бяз працы нельга было займець жыльлё. Такое замкнутае кола.
Як фотакарэспандэнт ён асьвятляў усе знакавыя падзеі ў Беларусі. Змьіцер захаваў тысячы фатаздымкаў і нэгатываў.
У Сяргея Брушко выявілі рэдкую хваробу — сындром Райно. У 2000 годзе ён памёр. Неўзабаве пасьля ягонай сьмерці прайшла ягоная фотавыстава ў Нямеччыне.
Павінен прайсьці час, каб людзі зразумелі каштоўнасьць фота
Ад скону Сяргея Брушко прайшло 19 год. З тысяч фатаздымкаў ягоны сын адабраў сотню.
«Я тут бачу аповед пра нараджэньне краіны, якой ніколі не было, — кажа Зьміцер. — Дагэтуль ні ў кога ня выйшла такіх фотаальбомаў».
Зьміцер параўноўвае бацьку з амэрыканскім фатографам Робэртам Франкам. У 1955 годзе той сеў на машыну і два гады езьдзіў па ўсёй Амэрыцы. Здымаў жыцьцё звычайных амэрыканцаў. У выніку зьявілася кніга The Americans, якую пасьля выхаду раскрытыкавалі. Бо фатаграфіі былі неідэальныя па якасьці і кампазыцыі. Два гады Франка проста зьнішчалі і называлі аматарам.
Толькі празь дзесяць год, калі выйшла другое выданьне, амэрыканцы пабачылі ў Франкавай фатаграфіі каштоўнасьць.
«Амэрыканскі істэблішмэнт зразумеў, што гэта кніга пра ўсю Амэрыку, пра яе праблемы», — кажа Зьміцер.
Такі самы аповед пра краіну ён бачыць у фатаздымках свайго бацькі.
«Гэты матэрыял таксама мусіў адляжацца. Трэба, каб гарачыя галовы, якія распавядаюць пра тую эпоху, астылі. І каб людзі паглядзелі на тую эпоху з пазыцыі гісторыі», — кажа Зьміцер.
Здымаў тое, што не было дазволена
У 1980-я гады Сяргей Брушко здымаў тое, што не лічылася каштоўным. А шмат што з савецкай рэчаіснасьці было забаронена здымаць.
«Краіна была закрытая, і чалавек з фотаапаратам сам па сабе прыцягваў увагу, — кажа Зьміцер. — У сярэдзіне 1980-х нельга было здымаць чэргі. Калі б цябе заўважылі за такім, маглі паперці з працы. Гэта ж антысавецкая дзейнасьць».
Але пры ўсіх абмежаваньнях фотакарэспандэнт бачыў краіну трошкі больш. Нават савецкае пасьведчаньне фатографа дазваляла яму трапляць з фотаапаратам туды, куды звычайны чалавек ніколі б ня трапіў. Брушко здымаў вясельле асуджаных у жаночай калёніі ў Гомлі, жыцьцё аўганцаў і высяленьне з забруджаных радыяцыяй вёсак. Шматтысячныя мітынгі ў Менску, забастоўкі шахцёраў — усе знакавыя падзеі трапілі ў ягоны аб’ектыў.
«Усё залежыць ад чалавека, — кажа Зьміцер. — Калі фатограф хоча здымаць партыйных босаў і пераразаньне стужкі, ён толькі гэта і будзе рабіць».
Зьміцер лічыць, што бацьку пашчасьціла застаць перабудову з фотаапаратам у руках. Галоснасьць зрабіла працу больш бясьпечнай, дазволіла здымаць тое, што раней не прапусьцілі б савецкія цэнзары.
«Бацька са сваёй жарсьцю да фатаграфіі трапіў у эпоху, якая дазволіла яму зафіксаваць унікальны момант — нараджэньне краіны», — кажа Зьміцер.
Гэта быў фотагенічны час, які адпавядаў стужцы
У «Энцыкляпэдыі беларускай фатаграфіі» Сяргея Брушко называюць беларускім Карт’е-Брэсонам. Гэта францускі фатограф, майстар рэалістычнай фатаграфіі і заснавальнік жанру вулічнага фота. Па словах Зьмітра, ягоны бацька таксама максымальна перадаваў атмасфэру, у якой быў зроблены здымак.
«Словам можна схлусіць. Фатаграфіяй — не. Фатаграфія — гэта згустак часу, адна сотая сэкунды, якая прыпыненая, у якую ты ўклаў ідэю, сэнс, якую ты зрабіў прастакутнікам 2 на 3, выразаў з рэчаіснасьці», — кажа Зьміцер.
У той час можна было здымаць і афіцыёз, і сапраўдную «жэсьць», як кажа Зьміцер. Бо гэта была складаная эпоха, калі ў гарадах было шмат бамжоў, шмат наркаманаў. А Сяргей Брушко зрабіў зрэз таго, чым жыла Беларусь у тыя часы.
«Ён зьняў ня самую непрыгожую частку, а тое, як сапраўды выглядала краіна. Інтэлiгентна зьняў той няпросты час», — кажа Зьміцер.
Фатаздымкі Сяргея Брушко адпавядаюць ягонай эпосе, лічыць Зьміцер. Ён называе 1980-я і 1990-я «фотагенічным часам».
«Усе гэтыя няроўнасьці, якія тады здаваліся хібамі, гэта адпавядала стужцы. Тая чорна-белая зярністая фатаграфія, яна была арганічнай у той час», — кажа Зьміцер.
І ён ня ўпэўнены, ці працягваў бы здымаць ягоны бацька, калі б дажыў да нашых дзён. Бо ён любіў тую вытворчасьць, у якой нараджалася фатаграфія.
«Ён быў дасьледчыкам па сваёй сутнасьці. Хацеў быць геолягам, езьдзіць і адкрываць нешта новае. А калі не паступіў, вырашыў стаць фатографам. Бо там была пэўная магія», — кажа Зьміцер.
Фатаграфіі 1990-х цяпер лічацца экстрэмісцкімі
На думку Зьмітра, самыя цікавыя фатаздымкі ягоны бацька зрабіў у сярэдзіне 1990-х. У той час ён працаваў над кнігай і альбомам. А яшчэ рыхтаваў выставу ў Нацыянальным мастацкім музэі. Гэта была міжнародная выстава на тэму Чарнобылю. Адначасова яна праходзіла ў Беларусі і Швайцарыі.
Толькі ў гэты час, за пару гадоў да сьмерці, бацькі Сяргея Брушко пачалі разумець, чым займаецца іхні сын.
«Напачатку дзед увогуле не ўхваляў выбару бацькі. Там у сям’і людзі былі ад зямлі. А бацька быў іншы. Ён быў цікаўны. І толькі калі дзед пабачыў бацьку па тэлевізары, ён зьмяніў сваё стаўленьне да яго».
А праз пару гадоў пасьля бацькавай сьмерці сваякі спалілі фатаздымкі з той адзінай міжнароднай выставы. Іх захоўвалі ў вёсцы ў далёкіх сваякоў. Але фота займала месца, і людзі вырашылі іх пазбыцца.
«Людзі бачылі каштоўнасьць у шкле ад рам. А ў фатаграфіях — не. Я не магу гэта камэнтаваць», — кажа Зьміцер.
У 2013 годзе фатаздымкі Сяргея Брушко былі апублікаваныя ў альбоме «Прэс-фота Беларусі», у разьдзеле пра архіў беларускай фатаграфіі. Усе фатаздымкі Брушко дзяржаўная экспэртыза прызнала экстрэмісцкімі.
«Там было пра жыцьцё краіны. У гэтым праблема з маім бацькам. Бо фатографаў успрымаюць як прапагандыстаў. А гэта мастацтва і гісторыя», — кажа Зьміцер.
«Я баюся за бацькаў архіў, таму самае каштоўнае вывез за мяжу»
У фатакнігу «Зьмена» ўвойдзе больш за сотню фатаздымкаў зь некалькіх тысяч, якія захаваліся ў архіве Зьмітра Брушко. Самыя каштоўныя фота, кажа фатограф, ён вывез за мяжу. Зьміцер пераймаецца, каб бацькавы фота не загінулі, як бывала ўжо ня раз.
«Хачу проста аберагчы іх ад такіх вар’ятаў, якія не разумеюць сапраўдную вартасьць бацькавай фатаграфіі. Якія ўспрымаюць гэта палітычна, а не з пазыцыі гісторыі. Гэта розныя рэчы: актуальная палітыка і гісторыя», — кажа Зьміцер.
На яго думку, многія з бацькавых фота, апублікаваных у 1990-я, маглі б не прайсьці сучасную дзяржаўную цэнзуру.
«Лёгка! Таму што фатаграфіі бацькі — гэта закулісная частка таго грамадзтва. Гэта не фасадная частка. Ня сьвята шашлыкоў у цэнтры гораду», — кажа Зьміцер.
Зьміцер Брушко выдае фатакнігу за свае сродкі. Цягам двух месяцаў ён зьбірае грошы на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by.
Назва кнігі «Змена» трапна апісвае той час, лічыць Зьміцер. У бацькавых фатаздымках ён бачыць зьмену пакаленьняў, ламаньне старых ідэалаў, нараджэньне новай краіны.
«Я ня думаю, што бацька сам разумеў, што ягоны архіў стане дакумэнтам той эпохі. Але ён распавядаў сваю гісторыю. А я гэты аповед бачу ў бацькавых фатаздымках. І распавядаю гісторыю краіны празь сябе», — кажа Зьміцер.