Студэнтаў і выкладчыкаў купалаўскага ўнівэрсытэта запрашаюць напісаць дыктоўку па-беларуску да Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага. Тэкст прысьвечаны малой радзіме Янкі Купалы.
Намесьніца начальніка цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Вольга Кішкель расказала, што агульнаўнівэрсытэцкую дыктоўку будуць пісаць на ўсіх факультэтах. Тэкст выбіралі супрацоўнікі катэдры беларускай філялёгіі. Аўтар — Уладзімер Саламаха.
«Тэкст пра Вязынку, малую радзіму Янкі Купалы, бо ўнівэрсытэт — імя Янкі Купалы. Малая радзіма — бо тры гады па загадзе прэзыдэнта абвешчаныя гадамі малой радзімы», — патлумачыла Вольга Кішкель.
Да таго ж, як паведамляецца на сайце ўнівэрсытэта, сьвяточныя імпрэзы да дня роднай мовы працягнуцца некалькі дзён. Сярод іх — мастацкая выстава Ўладзімера Стэльмашонка «Жанчыны ў жыцьці і творчасьці Адама Міцкевіча», сустрэча зь ляўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Людмілай Рублеўскай, шэраг выставаў, прысьвечаных беларускай мове, прэзэнтацыі факсымільнага выданьня кніг Бібліі, выдадзеных Францішкам Скарынам і першага «Буквара».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.