У Горадні каля абласнога суду пачалі дэмантаваць помнік чырвонаармейцу Васілю Чапаеву. Пасьля рэканструкцыі яго вернуць на месца.
«Ад часу, ад надвор’я ён пачаў іржавець, пайшлі сколы, расколіны. Мох разьядае яго. Трэба разьбіраць глядзець, што там у яго ўнутры», — паведаміў намесьнік начальніка гарадзкой ЖКГ Сяргей Сямашка.
Помнік дасьледуюць, пачысьцяць, замажуць швы. Колькі часу і грошаў запатрабуюць работы, пакуль невядома. Гэта будзе залежаць ад стану помніка. Пасьля рэстаўрацыі помнік Чапаеву вернуць на ранейшае месца.
На пастамэнце танка каля Савецкай плошчы таксама заўважылі расколіны. Магчыма, гэта проста патрэскалася тынкоўка. Але пастамэнт пройдзе агляд на трываласьць. Адно што здымаць і транспартаваць яго ня будуць — надта дорага.
«Лепш папярэдзіць, чым нехта ранкам прыйдзе, а кавалак адваліцца», — заўважыў Сямашка.
Васіль Чапаеў — удзельнік Першай усясьветнай і Грамадзянскай войнаў, начальнік дывізіі Чырвонай арміі. У Горадні, дзе ён ніколі ня быў, у пачатку 1980-х яму ўсталявалі помнік.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.