Злучаныя Штаты накіравалі ў Калюмбію яшчэ адзін самалёт з гуманітарнымі грузамі, прызначанымі для Вэнэсуэлы. Лідэр апазыцыі, кіраўнік парлямэнту Хуан Гуайдо заявіў, што мае намер дамагчыся, каб да 23 лютага дапамога трапіла ў краіну.
Ваенна-транспартны самалёт з харчаваньнем і мэдыкамэнтамі прызямліўся ў горадзе Кукута, непадалёку ад мяжы Калюмбіі з Вэнэсуэлай, паведамляе The Gardian. Гэта другі самалёт з гуманітарнай дапамогай з ЗША за апошні час. Няясна, аднак, ці трапяць грузы ў краіну — прэзыдэнт Нікаляс Мадура, легітымнасьць якога ЗША і яшчэ шэраг краін не прызнаюць, адмовіўся пускаць амэрыканскія самалёты.
Лідэр апазыцыі, кіраўнік парлямэнту Хуан Гуайдо, якога ЗША прызнаюць легітымным часовым прэзыдэнтам, заявіў, што мае намер дамагчыся таго, каб да 23 лютага дапамога трапіла ў краіну. Гуайдо, які выступіў у Каракасе перад сваімі прыхільнікамі, заявіў, што абнародуе дэталі свайго пляну ў панядзелак.
Прадстаўнік Гуайдо Лестэр Таледа, які знаходзіцца ў Калюмбіі, паведаміў, што прыхільнікі апазыцыі зьбяруцца на мяжы, каб пераканаць ваенных адкрыць яе і дазволіць даставіць у Вэнэсуэлу. Гуайдо напярэдадні зноў заклікаў войска перастаць выконваць загады Мадура.