У інтэрвію The Financial Times амбасадарка ЗША ў Польшчы Джаржэт Масбахер заявіла, што Вашынгтон мае намер істотна павялічыць свой вайсковы кантынгент у гэтай краіне. Цяпер там знаходзяцца 4 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў. Паводле яе, размова ідзе аб павялічэньні кантынгенту на некалькі сотняў вайскоўцаў.
Аднак пры гэтым яна не паведаміла, ці маюць намер ЗША стварыць сталую вайсковую базу ў Польшчы. Ідэю стварэньня такой базы адстойваюць прадстаўнікі польскіх уладаў. Варшава гатовая была вылучыць на яе фінансаваньне да $ 2 млрд.
Масбахер сказала ў інтэрвію The Financial Times, што гатоўнасьць Польшчы адыгрываць сваю ролю ва ўмацаваньні абароны ў Эўропе займае цэнтральнае месца ў амэрыкана-польскіх адносінах.
Сёньня ў Варшаве прайшлі перамовы паміж міністрам замежных справаў Польшчы Яцакам Чапутовічам і дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо.
Заўтра віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс пачынае трохдзённы візыт у Польшчу для ўдзелу ў канфэрэнцыі па Блізкім Усходзе, і для двухбаковых перамоваў.
Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшчы не выпадае чакаць нейкіх пагрозаў з беларускага боку, але, калі палякі будуць бразгаць зброяй, то Менск не будзе спакойна на гэта глядзець. «У тым ліку ўлічваючы нашу сумесную беларуска-расейскую групоўку на гэтым напрамку», — дадаў кіраўнік Беларусі. Пра гэта ён заявіў, прызначаючы новага пасла ў у Польшчы Ўладзімера Чушава.