Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару Віцебску вернуць штраф, прысуджаны яму за леташні Дзень Волі


Мікола Качурэц пасьля суду 26 сакавіка 2018 году
Мікола Качурэц пасьля суду 26 сакавіка 2018 году

У Віцебску здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак: Мікола Качурэц, аштрафаваны амаль год таму «за несанкцыянаваны пікет» зь бел-чырвона-белым сьцягам, атрымаў копію пастановы аб скасаваньні справы і касавы чэк, каб вярнуць сплачаныя грошы.

Дакумэнты даслаў начальнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, спадару Качурцу належыць зьвярнуцца ў падатковыя органы, а для вяртаньня дзяржаўнай пошліны — у суд.

Мікалая Качурца затрымалі, калі ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Ноч да суду ён мусіў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 26 сакавіка судзьдзя Кастрычніцкага суду Ўладзімер Царыкаў прызнаў Міколу Качурца вінаватым у парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаваньні службовай асобе (арт. 23.4 КаАП), прысудзіўшы штраф памерам 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

Абласны суд адмяніў гэтае рашэньне раённага суду, бо выявіліся парушэньні ў афармленьні справы. Яе накіравалі на новы судовы разгляд, але яго так і не было. Справу скасавалі, і спадар Качурэц даведаўся пра гэта толькі цяпер. Гэта першы выпадак, калі за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў кагосьці зь віцебскіх актывістаў не прыцягнулі да адказнасьці.

Мікола Качурэц мае намер ня толькі вярнуць сплачаныя грошы, але і дамагчыся вяртаньня сьцяга, які забралі міліцыянты. У лісьце начальнік раённага аддзелу міліцыі паведаміў, што сьцяг «на захоўваньні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адсутнічае», але актывіст патрабуе расьсьледаваньня, куды падзелася ягоная маёмасьць.

Падобны інцыдэнт са сьцягам адбыўся і ў Першамайскім раённым аддзеле міліцыі Віцебску: Вярхоўны суд пастанавіў вярнуць нацыянальны сымбаль, які забралі ў віцябляніна Андруся Кешанюка ў мінулагодні Дзень Волі. Але высьветлілася, што міліцыянты зьнішчылі сьцяг, хаця на гэта не было ніякіх распараджэньняў. Начальнік Першамайскага райаддзелу прынёс пісьмовыя прабачэньні актывісту, але кампэнсаваць кошт зьнішчанай маёмасьці не прапанаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG