Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар магілёўскага каледжу папрасіў прабачэньня ў навучэнцаў пасьля публікацыі Свабоды


Студэнцкі інтэрнат, ілюстрацыйнае фота
Студэнцкі інтэрнат, ілюстрацыйнае фота

У інтэрвію Свабодзе дырэктар Магілёўскага палітэхнічнага каледжу Сяргей Казлоў заявіў, што паролі і лагіны ад сацсетак навучэнцаў ніхто не патрабаваў.

Дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу ў камэнтары Свабодзе абверг інфармацыю, што выкладчыкі патрабавалі ад навучэнцаў паведаміць асабістыя зьвесткі пра акаўнты ў сацыяльных сетках і «прасілі нават лагіны і паролі», як піша Telegram-канал Nexta.

Паводле дырэктара каледжу Сяргея Казлова, у навучальнай установе вядзецца праца для прафіляктыкі злачынстваў і правапарушэньняў у сеціве. У тым ліку былі арганізаваныя сэмінары, на якіх супрацоўнікі праваахоўных органаў расказвалі куратарам, як працаваць з падлеткамі, парэкамэндавалі завесьці самім акаўнты ў сацыяльных сетках, каб кантактаваць з навучэнцамі.

«Гэта няпраўда, паролі і лагіны ніхто не патрабаваў. Так, вёўся пратакол куратарскай гадзіны. Апошняя калёнка, дзе подпіс, — навучэнец сьведчыць, што азнаёмлены з артыкуламі заканадаўства, прававымі наступствамі. Што тычыцца другой калёнкі — «Акаўнт у сацыяльнай сетцы» — яна запаўняецца па жаданьні. Калі навучэнец ня хоча паведамляць свой акаўнт, ён піша, што адмаўляецца, ня згодны.

Як кажа дырэктар, куратар адной з груп не зусім карэктна дала інфармацыю пра паведамленьне акаўнтаў у сацсетках. Яна запатрабавала ня тую інфармацыю, якую рэкамэндавала адміністрацыя.

«Што тычыцца працы гэтай куратаркі, мы будзем разьбірацца, што адбылося, і прымаць рашэньне», — паведаміў Сяргей Казлоў.

Фота з тэлеграм-каналу @nexta_tv
Фота з тэлеграм-каналу @nexta_tv

Дырэктар каледжу паведаміў, што 8 лютага раніцай ён асабіства прынёс навучэнцам прабачэньні за некарэктныя паводзіны куратара і патлумачыў, што мелася на ўвазе: акаўнты можна было паведамляць добраахвотна, выключна для кантактаваньня выкладчыкаў і навучэнцаў у сацыяльных сетках.

Што да інфармацыі, быццам пасьля публікацыі на Свабодзе 7 лютага ў другой палове дня навучэнцаў выклікалі да кіраўніцтва і пагражалі адлічэньнем за тое, што выклалі ў сацсеткі інфармацыю, то яе дырэктар каледжу таксама абверг.

«Ніхто нікога не выклікаў. У чацьвер з 14.30 да 18.00 у каледжы працавала камісія па разьмеркаваньні і рада прафіляктыкі, куды выклікалі бацькоў. Усё кіраўніцтва і выкладчыкі былі на паседжаньні. Пагроз пра адлічэньне не гучала.

І наагул, пытаньне адлічэньня ды іншых пакараньняў вырашае выключна пэдагагічная рада, ніякіх „самаўпраўных“ дзеяньняў быць ня можа. Мы не зацікаўленыя ў адлічэньні студэнтаў», — запэўніў Свабоду Мікалай Казлоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG