Нацыянальны банк пачаў распрацоўваць стратэгію павелічэньня даверу да беларускага рубля, піша Tut.by са спасылкай на кіраўніка Нацбанку Паўла Калаўра. Гаворка ідзе пра павелічэньне долі нацыянальнай валюты ў разьліках і ў балянсах камэрцыйных банкаў.
Што сказаў кіраўнік Нацбанку?
«У краіне мусіць быць прынятая стратэгія павышэньня даверу да нацыянальнай валюты. Мы мусім даць правільныя сыгналы грамадзкасьці: што мы будзем рабіць, у якой пасьлядоўнасьці і якіх вынікаў чакаем».
Крытэры, якія будуць зафіксаваны ў стратэгіі, пакуль ня вызначылі. Вядома, што абʼём крэдытаў у рублях будзе складаць ня менш 50%.
Інфляцыйныя чаканьні будуць зьніжаць. У першай палове Павел Калаўр чакае інфляцыю на ўзроўні мінулага году — 5,6% зь нязначнымі адхіленьнямі.
У 2018 годзе цэны на спажывецкія тавары павялічыліся на 5,6%. Цэны на паслугі — на 8,1%. Інфляцыя на не спажывецкія тавары склала 3,8%.
Летась Міністэрства працы не індэксавала месячныя заробкі беларусаў, калі інфляцыя не перавышала 5%.
Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі і прагнозаў Нацбанку, інфляцыя ў 2019 годзе мусіць скласьці ня больш 5%.