Генэральная пракуратура Ўкраіны паведамляе, што адкрыла крымінальную справу супраць палітыка Віктара Медзьведчука, старшыні палітычнай рады партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», паводле артыкулаў «дзяржаўная здрада» і «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны».
Справа адкрылі праз заяву Медзьведчука на партыйным зьезьдзе за 29 студзеня, дзе ён заявіў пра неабходнасьць стварэньня так званага «аўтаномнага рэгіёну Данбас».
«Абвяшчэньне канцэпцыі стварэньня аўтаномнага рэгіёну Данбас спрыяе заканадаўчаму замацаваньню часова акупаванай тэрыторыі, што супярэчыць Асноўнаму закону і дае замежнай дзяржаве дапамогу ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны, у тым ліку і інфармацыйную падтрымку», — напісала ў Фэйсбуку прэс-сакратарка Генэральнай пракуратуры Ларыса Сарган.
Віктар Медзьвядчук 29 студзеня заявіў, што яго палітычная сіла мае плян усталяваньня міру на Данбасе. Паводле яго словаў, неабходна стварыць «аўтаномны рэгіён Данбас» і замацаваць гэты статус у Канстытуцыі Ўкраіны.
Медзьвядчук лічыць, што дамоўленасьці могуць быць дасягнутыя ў чатырохкутніку Кіеў-Данецк-Луганск-Масква.
Віктар Медзьвядчук, лідэр украінскага прарасейскага руху «Украінскі выбар» і старшыня палітрады прарасейскай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё», вядомы таксама як кум прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. У мінулым Медзьвядчук быў намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў 1998—2001 гг., кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі (пры прэзыдэнцтве Леаніда Кучмы) у 2001—2005 гг. Доўгі час кіраваў Сацыял-дэмакратычнай партыяй Украіны (аб’яднанай) (1998–2007).