Бо ў яго выказваньнях няма «аб’ектыўных дадзеных, якія ўказваюць на наяўнасьць прыкмет злачынства».
У Сьледчым камітэце вырашылі, што выказваньні міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ня варта правяраць, паведамляе БелаПАН. Гаворка ідзе пра яго інтэрвію тэлеканалу АНТ, дзе міністар назваў прадстаўнікоў ЛГБТК+ «дзіравымі».
Адпаведны адказ на свой зварот атрымалі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі. Паводле Сьледчага камітэту, у выказваньнях міністра няма «аб’ектыўных дадзеных, якія ўказваюць на наяўнасьць прыкмет злачынства».
Таксама ў Сьледчым камітэце ўдакладнілі, што ў заяве Шуневіча «фармулёвак, фраз і выразаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці або розьні, ня выяўлена».
Раней правяраць выказваньні Шуневіча адмовілася Генэральная пракуратура, куды таксама зьвярталіся праваабаронцы.
Праваабаронцы ж лічаць, што такія выказваньні — «падбухторваньне да дыскрымінацыі, варожасьці да грамадзянаў краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце — сэксуальнай арыентацыі, (яны) фармуюць непрыязнасьць, пачуцьцё агіды, нянавісьці і варожасьці да прадстаўнікоў дадзенай групы».