Радыё Свабода запускае тры новыя падкаст-каналы. Усе Падкасты Свабоды цяпер можна слухаць і празь Youtube. Падпісвайцеся!
«Пад Лукашэнкам»
Як пачыналася і чым завяршаецца першая чвэрць стагодзьдзя з Аляксандрам Лукашэнкам. Падкаст Сяргея Навумчыка пра найноўшую гісторыю Беларусі.
Сяргей Навумчык: Якія фактары паспрыялі перамозе Лукашэнкі ў 1994-м — ягоны «антыкарупцыйны» даклад, стрэл пад Лёзнам альбо вера людзей у цуд? Як здарылася, што з краіны, якая ў момант дасягненьня Незалежнасьці мела найлепшыя стартавыя эканамічныя ўмовы ў параўнаньні з суседзямі, Беларусь ператварылася ў аўтсайдэра рэгіёну? Мы паспрабавалі аднавіць найбольш яскравыя эпізоды апошніх 25 гадоў беларускай гісторыі, якія краіна пражыла пад Лукашэнкам — праз галасы палітыкаў, камэнтатараў, звычайных людзей, якія гучалі ў рэпартажах Свабоды.
«Стары Менск. Гісторыя зьнікненьня»
Гістарычны падкаст Сяргея Абламейкі пры ўдзеле Сяргея Шупы.
Сяргей Абламейка: Як і куды зьнік Стары горад у Менску? Хто болей разбурыў — немцы ці саветы? І якую ролю ў гэтым адыграла НКВД?
Гэтаму прысьвечана мая кніга «Невядомы Менск. Гісторыя Зьнікненьня». І гэтаму будзе прысьвечаны мой падкаст, да ўдзелу ў якім я запрасіў Сяргея Шупу — таксама карэннага менчука.
Мы абмяркуем дзіўную, загадкавую і трагічную гісторыю зьнікненьня ў Менску раёну, які да вайны называўся Стары горад і які сваімі вузкімі пакручастымі вуліцамі і завулкамі, сваімі мурамі і пляцамі сьведчыў пра эўрапейскую мінуўшчыну Беларусі.
«Гутаркі зь Янам»
Адкуль і куды пайшла беларуская ідэнтычнасьць? Падкаст Яна Максімюка.
Ян Максімюк: Што сёньня ўяўляе сабою беларуская ідэнтычнасьць? Чым беларускі культурны кантэкст падобны да іншых? Што цікавага можа запрапанаваць беларуская літаратура сьвету? І што цікавага яна прапануе беларусам?
Гэта некаторыя з пытаньняў, якія я буду абмяркоўваць у цыкле падкастаў «Гутаркі зь Янам». Мае суразмоўнікі — постаці беларускага культурнага кантэксту: паэты, празаікі, музыкі, філёзафы, культуролягі і навукоўцы — якія ўжо пакінулі адметны сьлед у беларускай прасторы або яшчэ толькі імкнуцца такі сьлед пакінуць. Першы госьць — Ігар Бабкоў.
Што такое падкаст?
Падкаст — гэта радыё, але лепшае. Гэта аўдыё- або відэаперадача, якая публікуецца ў інтэрнэце. Як і радыёперадачы, яны часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і прысьвечаныя канкрэтнай тэме.
Падкасты значна зручнейшыя, чым радыё, бо іх можна слухаць у кожны момант, без патрэбы сачыць за раскладам.
Як іх можна слухаць?
Падкасты Свабода можна слухаць
- на нашым сайце;
- на відэаплятформе Youtube;
- на аўдыяплятформе SoundCloud;
- праз мабільныя праграмы (аплікацыі).
Для гэтага трэба спампаваць на свой тэлефон праграму (як на iOS, гэтак і на Android), знайсьці праз пошукавую сыстэму падкаст-канал, які вас цікавіць (у нас іх ужо 11), і падпісацца на яго.
Аплікацыя сама вам паведаміць, калі зьявіцца новы выпуск падкасту. Вы можаце яго запампаваць на свой тэлефон і паслухаць у кожны зручны для вас час.
А дзе можна знайсьці падкасты Свабоды?
Падкасты Свабоды даступныя ў RSS і ў наступных мабільных праграмах:
• iTunes
• Google Podcasts
• CastBox
• Podcast Addict
• Podcast Republic
• SoundCloud
Навошта слухаць, калі можна і пачытаць
Бо падкасты можна слухаць тады, калі чытаць проста немагчыма.
- У аўтамабілі, аўтобусе, цягніку. Паўсюль, дзе бракуе сьвятла чытаць
- Падчас трэнаваньня ў фітнэс-залі
- Падчас яды (і піцьця)
- Падчас гатаваньня
- Падчас шпацыру
- Падчас выкананьня хатніх абавязкаў (вывешваньня бялізны, прасаваньня, мыцьця посуду)
- Падчас праполваньня бульбы
- На рыбе
- У лазьні ці душы
- Дадайце свае прапановы ў камэнтарах
Якія каналы ў Свабоды ўжо ёсьць?
- Інтэрвію
- Падарожжы з Бартосікам
- Чытальная заля
- Толькі жанчыны
- Стары Менск. Гісторыя зьнікненьня
- Мова пра мову
- Падарожжа ў БНР
- Бартосік. Клініка кітайскага дантыста
- Пад Лукашэнкам
- Нечаканы Скарына
Калі вам хочацца мець усе падкасты ў адным канале, то падпісвайцеся на гэты канал:
А гэта бясплатна?
Для вас — ТАК.