Міліцыянты Заводзкага РУУС Менска затрымалі вядомага анархіста Зьмітра Паліенку, сёньня яму пагражае адміністрацыйны працэс у Заводзкім раённым судзе.
Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Аднадумцы Зьмітра Паліенкі таксама пацьвярджаюць, што яго затрымалі ўвечары 29 студзеня.
«Зьміцер сам а 9-й вечара зьбіраўся ў міліцыю, яго выклікаў участковы, а потым пасьпеў пазваніць і паведаміць, што „закрываюць“ паводле пратаколу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і што сёньня будзе суд», — сказаў Свабодзе актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.
«Падставай для адміністрацыйнага перасьледу зьявіўся пост у „Фэйсбуку“ з выявай маладога чалавека і надпісам на вопратцы, унесеным у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», — паведамляе аб прычыне затрыманьня Зьмітра Паліенкі «Вясна».
Паводле зьвестак «Вясны», на Зьмітра Паліенку таксама складзены пратакол аб непадпарадкаваньні. Вячаслаў Касінераў не выключае, што гэты пратакол зьявіўся, каб адразу ізаляваць ягонага сябра.
«Ёсьць відэа ў інтэрнэце, на якім відаць, як Зьміцер без аніякага супраціву садзіцца ў міліцэйскі аўтамабіль. То бок цалкам магчыма, што да пратаколу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які быў складзены яшчэ ў канцы мінулага году, дадалі і непадпарадкаваньне. За што непасрэдна будуць судзіць, пакуль невядома. За апошнія два тыдні на анархістаў абрынулася хваля рэпрэсій, новае затрыманьне Паліенкі гэта пацьвярджае», — сказаў Вячаслаў Касінераў.
На мінулым тыдні Зьміцер Паліенка, а таксама Яўген Чуліцкі і Наста Гусева былі затрыманыя і прабылі ў ізалятары 3 дні ў межах справы аб графіці антыміліцэйскага зьместу; актывістам пагражае суд за нанясеньне пашкоджаньня.
Гэта ўжо другое затрыманьне актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенкі на працягу апошніх тыдняў. 21 студзеня яго разам з паплечніцай Настай Гусевай затрымалі ў ягонай кватэры і правялі ператрус. У актывістаў канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, асабістую перапіску, рэчы з сымболікай. Увечары 23 студзеня затрыманых вызвалілі.