Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярослаў Качыньскі апынуўся ў цэнтры фінансавага скандалу


«Стужкі Качыньскага» выклікалі ў Польшчы хвалю камэнтароў
«Стужкі Качыньскага» выклікалі ў Польшчы хвалю камэнтароў

Ярослаў Качыньскі, кіраўнік польскай партыі ўлады «Права і справядлівасьць», якога лічаць неафіцыйным лідэрам Польшчы, апынуўся ў цэнтры фінансавага скандалу. Выданьне Gazeta Wyborcza апублікавала таемна зроблены ў ліпені 2018 году запіс перамоваў уплывовага польскага палітыка з аўстрыйскім бізнэсоўцам Геральдам Біргфэльнэрам.

У гэтай гутарцы Качыньскі нібыта дамаўляўся пра пабудову ў цэнтры Варшавы двух хмарачосаў, у якіх разьмясьціліся б гатэль, офіс фонду імя ягонага забітага брата Леха, а таксама элітнае жытло.

Кампанія Біргфэльнэра падрыхтавала інвэстыцыйны плян праекту, а ўзьвядзеньне вежаў-блізьнятаў павінна была ажыцьцяўляць кампанія Srebrna, зьвязаная з партыяй «Права і справядлівасьць».

Урэшце Качыньскі нібыта адмовіўся плаціць за працу аўстрыйцаў, паколькі ня быў упэўнены, што праект удасца ўзгадніць зь мясцовымі ўладамі.

Свае асьцярогі ён тлумачыў тым, што праект узгоднены з мэрыяй Варшавы, апазыцыйнай да «Права і справядлівасьці». У прыватнасьці, Качыньскі нібыта сказаў: «Калі мы не пераможам на выбарах, то ня будзем будаваць хмарачос у Варшаве».

Біргфэльнэр не атрымаў чаканых грошай нягледзячы на тое, што ўклаў у праект 1,3 мільёна эўра. Менавіта таму аўстрыйскі бізнэсовец вінаваціць Качыньскага ў махлярстве і зьвярнуўся з адпаведнай заявай у пракуратуру.

З заявай у пракуратуру адносна дзеяньняў Качыньскага зьвярнуўся і Рышард Пэтру, лідэр апазыцыйнай партыі «Teraz». Ён падазрае, што кіраўнік польскай партыі ўлады злоўжываў сваім становішчам і рабіў ціск на дзяржаўны банк Pekao S.A., каб той падаў крэдыт праўладнай кампаніі Srebrna на будаўніцтва хмарачосаў.

«Стужкі Качыньскага» выклікалі ў Польшчы хвалю камэнтароў. Пра падрабязнасьці справы паведамляюць вядучыя СМІ краіны. Многія зь іх робяць здагадкі, што скандал вакол хмарачосаў можа нанесьці ўдар польскай партыі ўлады.

Аглядальнікі аналітычнага сайту natemat.pl робяць дапушчэньні, што хмарачосы ў цэнтры Варшавы меліся стаць надзейнай крыніцай фінансавай стабільнасьці «Права і справядлівасьці». Згодна з гэтым выданьнем, партыя атрымлівала б за арэнду памяшканьняў больш за 80 000 000 злотых за год (амаль 20 000 000 эўра). Гэтая сума ў чатыры разы большая, чым тая, якую «Права і справядлівасьць» атрымлівае на сваю дзейнасьць зь дзяржаўнага бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG