Былога дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандра Бялецкага выпусьцілі з СІЗА КДБ. Пад час знаходжаньня там ён атрымаў узнагароду.
«Вызвалілі яго на пачатку года, 3 ці 4 студзеня, забіраў яго сын, — паведаміла карэспандэнту Свабоды інфармаваная крыніца. — Ён можа некуды езьдзіць, хадзіць, але загадзя паведамляць пра гэта. Выехаць за мяжу ён ня мае права. Справу супраць яго не спынілі, але на допыты пакуль не выклікалі. Ён пакуль нідзе не працуе».
У прэс-службе КДБ карэспандэнту Свабоды інфармацыю пра вызваленьне былога галоўнага траўматоляга пакінулі без камэнтароў.
Падчас знаходжаньня ў СІЗА 61-гадовы Аляксандар Бялецкі атрымаў узнагароду — юбілейны мэдаль да 90-годзьдзя Акадэміі навук. Перадалі яе жонцы мэдыка.
Хто такі Аляксандар Бялецкі
Гэта вучоны ў галіне траўматалёгіі і артапэдыі, доктар мэдычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт АН РБ, заслужаны дзеяч навукі.
Яго затрымалі летась, калі КДБ паведаміў пра раскрыцьцё маштабнай карупцыйнай схемы ў сфэры аховы здароўя. Паводле старшыні КДБ Валеры Вакульчыка, Аляксандар Бялецкі быў зьняволены за арганізацыю правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту мэдабсталяваньня з боку камэрцыйных структур і своечасовую плату за аказаныя паслугі.
Пад час ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысяч даляраў у эквіваленце.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.