Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг: расейскае грамадзтва ніяк не адрэагавала на спрэчкі паміж Масквой і Менскам


На сайце аднаго з самых уплывовых сацыялягічных цэнтраў Расейскай Фэдэрацыі — Фонду «Общественное мнение» (ФОМ) — 25 студзеня былі апублікаваныя дадзеныя сьвежага апытаньня наконт стасункаў Расеі і Беларусі.

Вынікі дасьледаваньня пракамэнтаваў для Свабоды вядучы аналітык Фонду Грыгоры Кертман.

Грыгоры Кертман
Грыгоры Кертман

— Спадар Кертман, у мінулым ацэнка расейскай грамадзкай думкай стасункаў зь Беларусьсю часам мянялася. У апытаньнях ФОМ рэгулярна задавалася пытаньне «Якія адносіны склаліся цяпер паміж Расеяй і Беларусьсю — добрыя ці дрэнныя?». За апошнія гады мінімум станоўчых адказаў быў у 2010 годзе, калі НТВ паказвала «Хросных бацькаў». Пік станоўчых ацэнак быў у 2015 годзе — 79% назвалі стасункі добрымі. 2 гады таму такія адказы далі 50%. Якія вынікі апошняга апытаньня па гэтым пытаньні?

— Сытуацыя наагул не зьмянілася ў параўнаньні з 2017 годам, тыя ж 50% адказалі, што стасункі дзьвюх краінаў добрыя. Доля тых, хто лічыць, што стасункі кепскія, крыху зьменшылася — з 22% да 17%.​


Канфлікту зь Менскам у Расеі не заўважылі

— А якія дадзеныя па Беларусі апошняга апытаньня вам наагул уяўляюцца найбольш цікавымі, найбольш значнымі?

— Мне падалася цікавай адсутнасьць рэакцыі на відавочныя трэньні ў двухбаковых адносінах. Некаторыя эпізоды гэтых трэньняў шырока асьвятляліся ў інтэрнэце. Але гэта амаль ніяк не адбілася на масавым успрыняцьці сытуацыі. Магчыма, таму, што расейскія грамадзяне настолькі перакормленыя зьнешнепалітычнай інфармацыяй, што на адносіны зь Беларусьсю, якія не зьяўляюцца цэнтральнай тэмай зьнешнепалітычнага поля, ужо не хапае ўвагі.

Навіны пра стасункі зь Беларусьсю проста не заўважаюцца, ігнаруюцца грамадзкай думкай

У гэтым полі дамінуюць ЗША, Украіна, у меншай ступені Турэччына, Японія. Беларусь аказваецца ня самай актуальнай зьнешнепалітычнай тэмай. Відаць, навіны пра стасункі зь Беларусьсю проста не заўважаюцца, ігнаруюцца грамадзкай думкай.

Тым больш, што на цэнтральным тэлебачаньні беларуская тэматыка ня надта шырока асьвятляецца. У адказах на пытаньне: «У апошні час адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю паляпшаюцца, пагаршаюцца ці не зьмяняюцца?» — таксама няма асаблівых зьменаў, а тыя невялікія зрухі, якія ёсьць у параўнаньні з апытаньнем 2017 году, хутчэй у станоўчы бок. Доля тых, хто лічыць, што стасункі пагаршаюцца, зьнізілася на 4 адсоткавыя пункты.

Хто лепшы прэзыдэнт: Лукашэнка ці Пуцін? Апытаньне ў Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00

Гэта адзінае пытаньне, дзе ёсьць адрозьненьні, абумоўленыя пагружанасьцю ў інфармацыйны кантэкст. У цэлым па краіне 17% кажуць, што стасункі паляпшаюцца, 19% — што пагаршаюцца. Астатнія альбо кажуць, што стасункі не мяняюцца, альбо ім складана адказаць. Але сярод людзей зь сярэдняй адукацыяй 20% лічаць, што стасункі паляпшаюцца, 13% — што пагаршаюцца.

А сярод тых, хто мае вышэйшую адукацыю, суадносіны адваротныя: 14% кажуць пра паляпшэньне адносінаў, 25% — пра пагаршэньне. Тыя, хто часьцей бывае ў інтэрнэце, усё ж нешта заўважаюць.

Куды схіляецца Менск

— У ранейшых апытаньнях ФОМ задаваў такое даволі вострае пытаньне, на якім у значнай ступені і сфакусавана тое, што ідзе праз інтэрнэт: «Цяпер Беларусь больш імкнецца да збліжэньня з Расеяй ці з краінамі Захаду?». У 2013, 2015 і 2017 годзе адпаведна 38%, 63% і 43% казалі, што Менск больш схільны да збліжэньня з Расеяй. А ў апошнім апытаньні?

— Зьменаў таксама практычна няма. Зараз 43-44% кажуць, што Менск больш схіляецца да збліжэньня з Расеяй, 20% — з Захадам.

— Цяпер вострая фаза канфлікту паміж Менскам і Масквой пачалася з інтэграцыйнай прапановы, агучанай у сярэдзіне сьнежня 2018 году прэм’ерам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым на пасяджэньні саюзнага Саўміну ў Берасьці. Ваша апытаньне было праведзенае 19–20 студзеня. Крыху больш чым месяц прайшло ад часу выступу Мядзьведзева. Можа быць, інфармацыйная хваля спрэчак вакол гэтай прапановы проста не пасьпела дайсьці на расейскага грамадзтва?

— Не, гэта выключана. Калі гэтая хваля і была, то яна была настолькі кароткая, карыстаючыся марской мэтафарай, што зараз яна ўжо сышла. Складана сказаць, ці была яна наагул.

Хто лепшы прэзыдэнт: Лукашэнка ці Пуцін? Апытаньне ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

— Дык атрымліваецца, што расейцы гэтага проста не заўважылі, не пачулі?

— Ці не пачулі (пераважная большасьць), ці ўспрынялі як дробную сварку, паводле прымаўкі «милые бранятся — только тешатся».

Лексыкон размовы пра краіны, зь якімі ў Расеі кепскія стасункі, настолькі жорсткі, што на гэтым тле дробныя непаразуменьні зь Беларусьсю проста не фіксуюцца

Калі ў нашых асноўных СМІ абмяркоўваецца зьнешнепалітычная тэматыка, градус канфрантацыі, лексыкон размовы пра краіны, зь якімі ў нас кепскія стасункі, настолькі жорсткі, што на гэтым тле дробныя непаразуменьні зь Беларусьсю проста не фіксуюцца.

Падчас буры слабы піск проста ня чутны. Быў інцыдэнт у Керчанскай пратоцы, ЗША выходзяць з дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, узьнікае тэма Курылаў — столькі вострых праблемаў, у тым ліку і зьвязаных зь вельмі жорсткай міжнароднай канфрантацыяй, што патрабавалася значна больш гучнае і радыкальнае асьвятленьне беларуска-расейскіх трэньняў, каб яны былі пачутыя грамадзкай думкай.

Чаму расейцы сымпатызуюць Лукашэнку

— Рэйтынг асабіста Аляксандра Лукашэнкі таксама не зьмяніўся? Ён істотна падаў у 2004 і 2011 гадах — да 20%. У 2015 годзе станоўчыя ацэнкі яго складалі 53%, у 2017 годзе — 43%. А зараз?

— Зараз 47%, нават павысіўся. Натуральна, што ён вышэй сярод прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня. Пры гэтым адмоўнага рэйтынгу амаль няма, кепска да яго ставяцца ўсяго 6%. А станоўчы — 29% сярод моладзі, 60% — сярод людзей сталага веку.

Ёсьць уяўленьне, што Лукашэнку падтрымлівае пераважная большасьць беларусаў, і гэта адзін з матываў сымпатыяў да яго

Некалі даўно мы разьбіраліся ў гэтым стаўленьні да Лукашэнкі. Можа, цяпер гэта зьмянілася. Але тады, калі мы вывучалі структуру гэтага стаўленьня, то з ацэнак вынікала: гэты прэзыдэнт вельмі добры для Беларусі, але для Расеі ён быў бы ня надта добры.

Сымпатыя да яго — гэта сымпатыя як да кіраўніка дружалюбнай краіны. І гэтая сымпатыя не экстрапалявалася на Расею, ня тое што мы хацелі б такога лідэра для Расеі. Ёсьць уяўленьне, што яго падтрымлівае пераважная большасьць беларусаў і гэта адзін з матываў сымпатыяў да яго. Калі братэрскі народ яго любіць, значыць, ён добры прэзыдэнт менавіта для гэтага народу.

— У вашых шматгадовых апытаньнях Беларусь заўсёды была на першым месцы ў адказах на пытаньне: «Зь якімі краінамі ў Расеі цяпер найбольш блізкія, сяброўскія адносіны?». Аднак цікава, што Беларусь займае другое, пасьля Кітаю, месца ў адказах на пытаньне: «Супрацоўніцтва зь якімі краінамі цяпер важнейшае за ўсё для расейскай эканомікі?» Паводле вашага леташняга красавіцкага апытаньня Кітай быў на першым месцы, Беларусь — на другім, Нямеччына — на трэцім, Казахстан — на чацьвёртым, Турэччына — на пятым, ЗША — на шостым. Беларусь — адносна невялікая краіна, несувымерная ні з Кітаем, ні зь Нямеччынай. Адпаведна і таваразварот меншы. А месца — другое. Чаму?

— Зразумела, што за гэтымі ацэнкамі не стаяць тонкія эканамічныя разьлікі. Але, па-першае, існуюць санкцыі, абмежаваньні. Натуральна, што тыя краіны, зь якімі санкцыйных абмежаваньняў няма, успрымаюцца як больш каштоўныя. Другі аспэкт — відавочная прысутнасьць беларускіх тавараў, прадуктаў у заходніх рэгіёнах Расеі, у тым ліку і ў Маскве. Яны заўважальныя, людзі іх пазнаюць, яны ведаюць, што, скажам, вось гэтая сьмятана зь Беларусі.

Можа, доля гэтых прадуктаў не такая і вялікая, але на чыста бытавым узроўні з прадукцыяй беларускіх сельскагаспадарчых вытворцаў сярэдні жыхар Масквы ці Пскоўшчыны альбо Браншчыны сутыкаецца значна часьцей, чым з высокатэхналягічнай прадукцыяй, напрыклад, японскіх ці нямецкіх кампаніяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG