Пазаўчора Сьвятлана Алексіевіч падпісала некалькі асобнікаў сваёй кнігі «100 цытатаў на Свабодзе», якая толькі што выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».
«Надзі Дзюк — да развагаў пра "чырвоных" чалавекаў, якія і цяпер баяцца вялікага сьвету» — гэткі надпіс зрабіла пісьменьніца на адным з асобнікаў.
Але гэтыя словы Надзя ўжо не прачытае: сёньня прыйшла вестка пра яе сьмерць.
Надзя Дзюк больш як дваццаць гадоў была супрацоўніцай і адной з кіраўніцаў фонду The National Endowment for Democracy (NED) — амэрыканскай няўрадавай арганізацыі, створанай у 1983 годзе пры прэзыдэнце Рэйгане, каб спрыяць дэмакратычным пераменам у розных краінах.
Этнічная ўкраінка з амэрыканскім досьведам свабоды, Надзя Дзюк была даўняй прыхільніцай Беларусі. Той Беларусі, якая ў пачатку 90-х спрабавала пайсьці па шляху дэмакратыі, разам зь суседнімі Польшчай, Літвой, Латвіяй. Падзеі 1994 году зьмянілі вэктар свабоды на супрацьлеглы, і тады асабліва важнай зрабілася падтрымка тых, хто не паддаўся на «гістарычна-абгрунтаваныя» тэорыі, што «гэтаму народу свабода непатрэбная», што «дэмакратыя — не ў ягоных нацыянальных традыцыях».
Якімі б маштабнымі не былі грамадзкія заслугі людзей, у хвіліну разьвітаньня прыгадваеш асабістае.
Я ўдзячны Надзі за запросіны нас зь Зянонам Пазьняком у ліпені 1996 году ў ЗША — на сустрэчы з амэрыканскімі палітыкамі. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі ЗША, да нас дайшла пэўная інфармацыя, якая прымусіла зрабіць няпросты для нас крок — прасіць палітычнага прытулку. Магу цяпер сказаць, што крок гэты ня быў прыязна ўспрыняты ні Белым Домам, ні Дзярждэпартамэнтам (некаторыя палітыкі верылі ў магчымасьць «дэмакратызаваць» Лукашэнку) — але, даўшы прытулак двум лідэрам БНФ, Вашынтон мусіў быў вызначыцца і кардынальна зьмяніць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску; рэфэрэндум 1996 году адбываўся ўжо пад пільнай увагай ЗША і міжнароднай супольнасьці.
Але ўдзячных ёй людзей — тысячы, у тых краінах, дзе аўтакратыя падаўляе свабоду, дзе загнаная ў гета альбо ўвогуле зьнішчаная грамадзянская супольнасьць, і там, дзе дэмакратыя перамагла, але яшчэ ня мае дастатковага досьведу. 90 краінаў — вось геаграфія дапамогі фонду, якому Надзя Дзюк аддала гэтулькі сілаў.
Надзя была дасьледчыцай працэсаў на постсавецкай прасторы, аўтарам некалькіх грунтоўных працаў па праблемах станаўленьня новых незалежных дзяржаў, яе камэнтары зьяўляліся на старонках The Washington Post i The Washington Times, гучалі на хвалях CNN, ВВС і Радыё Свабода.
«Апошні раз я сустракаўся і доўга размаўляў з Надзяй Дзюк у Вашынгтоне два гады таму, у 2017 годзе, — прыгадвае Вінцук Вячорка. — Магчыма, яна ўжо тады ведала пра сваю наканаванасьць, але я бачыў, як яна была натхнёная тым, што яе любімая Ўкраіна абудзілася і становіцца сапраўды свабоднай, і як трывожна ўсьведамляла экзыстэнцыйную небясьпеку для Ўкраіны — і для Беларусі, і для ўсяго нашага рэгіёну "схаваных нацыяў", як яна фармулявала яго бачаньне з Захаду. Надзя Дзюк была найперш сур’ёзным дасьледнікам (яна першая этнічная ўкраінка, якая абараніла дактарат у Оксфардзе), яна бачыла палітычную сытуацыю ў краінах нашага абшару Эўропы і як наступства гісторыі, і ў кантэксьце праблемаў мовы ды самасьвядомасьці. І дзякуючы гэтаму, займаючы ўплывовыя кіраўнічыя пасады, яна падтрымлівала імкненьне беларусаў да свабоды, да незалежнасьці і да зьберажэньня ідэнтычнасьці. Ёй ня трэба было доўга тлумачыць, што калі мы перастанем быць беларусамі, то ня будзем мець шанцаў і на свабоду, яна сама гэта тлумачыла людзям, далёкім ад нашых беларускіх справаў... Вельмі адкрыты, пазытыўны, глыбокі чалавек. Вялікая страта для ўсіх, хто адстойвае дэмакратыю ў несвабодзе».
«Чырвоных чалавекаў», «якія і цяпер баяцца вялікага сьвету», усё яшчэ шмат — але ўсё больш тых, хто пазбаўляецца страху і ідзе да сьвету, ідзе да сьвятла. Дзякуючы ў тым ліку і Надзі.
Сьветлая памяць.