Суд у Эдынбургу абвінаваціў былога першага міністра Шатляндыі 64-гадовага Алекса Сэлманда ў 14 злачынствах. У тым ліку — у дзьвюх спробах згвалтаваньня, дзевяці эпізодах сэксуальнага гвалту, двух нападах непрыстойнага характару і парушэньні грамадзкага парадку, піша «Бі-Бі-Сі».
Сэлманд не прызнае абвінавачаньняў і называе сябе невінаватым. Ён быў адпушчаны пад заклад. 64-гадовы палітык вядзе праграму на расейскім тэлеканале RT (былы Russia Today), галоўны рэдактар каналу Маргарыта Сіманьян зьвязала крымінальную справу зь ягоным месцам працы.
Імя Сэлманд фігуравала ў паліцэйскім расьсьледаваньні аб магчымых сэксуальных дамаганьнях да дзьвюх жанчын некалькі гадоў таму. Справаздачу аб ўнутраным расьсьледаваньні абвінавачаньняў урад Шатляндыі перадаў паліцыі ў жніўні. Палітык выйграў грамадзянскі пазоў супраць ураду, заявіўшы, што ўнутранае расьсьледаваньне праводзілася са шматлікімі парушэньнямі.
Пад кіраўніцтвам Сэлманда ў 2014 годзе быў праведзены рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі. Ён скончыўся паразай прыхільнікаў незалежнасьці, пасля гэтага Сэлманд сышоў у адстаўку з пасады першага міністра і лідэра Шатляндзкай нацыянальнай партыі, якая дамагалася незалежнасьці.