Колькасьць насельніцтва Расеі ў 2018 годзе скарацілася амаль на 87 тысяч чалавек і складае цяпер крыху больш за 146,5 мільёнаў, паведамляе Interfax са спасылкай на папярэднія ацэнкі Расстату. Пра прычыны скарачэньня колькасьці не паведамляецца.
Апошні раз насельніцтва скарачалася ў 2008 годзе, пасьля чаго назіраўся рост.
Раней віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава заявіла, што за 11 месяцаў 2018 году сьмяротнасьць у Расеі перавысіла нараджальнасьць на 193 тысячы чалавек. Самая высокая сьмяротнасьць, паводле яе, зафіксаваная ў Пскоўскай, Смаленскай, Тамбоўскай, Цьвярской і Тульскай абласьцях.
Экспэрты сярод прычынаў зьмяншэньня насельніцтва называюць скарачэньне нараджальнасьці, паколькі ў так званы «дзетародны ўзрост» увайшло малаколькаснае пакаленьне 1990-х гадоў.