Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс у відэазвароце да вэнэсуэльцаў у аўторак заявіў, што прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура ня мае законных падстаў прэтэндаваць на пасаду і ніколі не выбіраўся на пасаду праз свабодныя выбары, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Зварот Пэнса быў апублікаваны напярэдадні заплянаваных на сераду пратэстаў у Вэнэсуэле, да якіх заклікала Нацыянальная асамблея краіны, што лічыць знаходжаньне Мадура ва ўладзе незаконным. Сам Мадура не прызнае Нацыянальную асамблею Вэнэсуэлы.
У сваім звароце Пэнс заявіў, што ЗША падтрымліваюць рашэньне кіраўніка Нацыянальнай асамблеі Хуана Гуайдо зацьвердзіць канстытуцыйныя паўнамоцтвы гэтага органа, абвясьціць Мадура ўзурпатарам і заклікаць да стварэньня пераходнага ўраду.
«Ад імя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, усяго амэрыканскага народу я выказваю непахісную падтрымку Злучаных Штатаў у той час, калі вы, народ Вэнэсуэлы, гучней заклікаеце да свабоды», — заявіў Пэнс.
«Мы з вамі. Мы падтрымліваем вас, і мы будзем працягваць падтрымліваць вас, пакуль ня будзе адноўлена дэмакратыя, а вы ня вернеце сабе свабоду», — заявіў Пэнс.