Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Японія не дамовіліся наконт Курыльскіх астравоў. Перамовы працягнуцца


Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін (зьлева направа) пасьля сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ў Крамлі. 22 студзеня 2019 году
Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін (зьлева направа) пасьля сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ў Крамлі. 22 студзеня 2019 году

Расея і Японія працягнуць перамовы аб падпісаньні мірнай дамовы. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі па выніках двухбаковай сустрэчы ў Маскве заявілі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ, паведаміла расейская служба Радыё Свабода.

Паводле Пуціна, абедзьве краіны зацікаўленыя ў падпісаньні дакумэнта. Пры гэтым умовы для мірнай дамовы павінны быць прымальныя для абедзьвюх краінаў і падтрыманыя грамадзтвам. Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што Масква будзе выконваць дамову 1956 году.

У сваю чаргу Абэ заявіў, што нявырашаную за 70 гадоў праблему «неабходна вырашаць, але зрабіць гэта няпроста». Ён таксама паведаміў, што Масква і Токіё дамовіліся арганізаваць новы чартэрны рэйс для былых жыхароў паўднёвай часткі Курыльскіх выспаў, каб тыя змаглі наведаць магілы продкаў.

Японскі прэм’ер чакае новай сустрэчы з расейскім лідэрам у чэрвені 2019 году.

Чатыры астравы Курыльскай грады (Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі) выклікаюць тэрытарыяльныя рознагалосьсі паміж дзьвюма краінамі з канца Другой сусьветнай вайны. Тады Савецкі Саюз анэксаваў гэтыя тэрыторыі. У 1956 году СССР і Японія падпісалі дэклярацыю аб завяршэньні баявых дзеяньняў, аднак мірная дамова так і не была падпісаная.

14 лістапада пасьля сустрэчы лідэраў Расеі і Японіі прадстаўнік расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў распавёў пра пляны вярнуцца да дэклярацыі 1956 году, паводле якой Масква згаджалася перадаць японскаму боку два з чатырох астравоў.

МЗС Расеі пасьля заявіла, што ўмовай падпісаньня мірнай дамовы зьяўляецца прызнаньне расейскага сувэрэнітэту над усімі Курыльскімі астравамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG