Расейскі тэлеканал РЕН ТВ апублікаваў відэа затрыманьня беларускі Анастасіі Вашукевіч (Насьці Рыбкі) у маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева.
На відэа відаць, што дзяўчына супраціўляецца мужчынам у цывільным, гаворыць: «Нікуды я не паеду». Спачатку мужчыны спрабавалі вывезьці Вашукевіч на інвалідным вазку, пасьля вынесьлі пад рукі.
Чаму затрымалі ўжо асуджаных у Тайляндзе?
17 студзеня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева затрымалі беларусаў Анастасію Вашукевіч і Аляксандра Кірылава (Алекса Лэсьлі), а таксама яшчэ двух асуджаных у Тайляндзе за арганізацыю паслуг сэксуальнага характару.
Паводле Крысьціны Кірылавай, жонкі Алекса Лэсьлі, затрыманым інкрымінуюць уцягненьне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ). Артыкул прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле іншых вызваленых, іх затрымалі для апытаньня, але не выстаўляюць ім абвінавачаньняў.
МЗС Беларусі сытуацыю не камэнтуе
Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль не камэнтуе затрыманьня Вашукевіч. У амбасадзе Беларусі ў Маскве кажуць, што Расея пакуль не паведаміла пра затрыманьне беларускай грамадзянкі, піша «РИА Новости».
Паводле закону, кампэтэнтныя органы Расеі павінны паведаміць аб затрыманьні грамадзянаў іншых дзяржаў адпаведныя амбасады цягам сутак.
Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны, турысты з Расеі.
Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».
Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.