17 студзеня Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з прэзыдэнтам Зымбабвэ Эмэрсанам Мнангагвам, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візытам. Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, будуць абмяркоўвацца палітычныя і гандлёва-эканамічныя стасункі.
Да гэтага Мнангагва наведаў Расею, дзе сустрэўся са сваім калегам Уладзімірам Пуціным. Як перадае агенцтва ТАСС, вышэйшыя кіраўнікі дамовіліся пра ўзмацненьне эканамічнага супрацоўніцтва.
Прэзыдэнт Зымбабвэ казаў, што прыбыў у Маскву, каб прыцягнуць інвэстыцыі. У прыватнасьці расейскаму боку прапанавана ўдзельнічаць у здабычы алмазаў і мадэрнізацыі арміі.
«Рашэньне эканамічных праблемаў Зымбабвэ — манумэнтальная задача, — адзначыў ён. — І хоць гэта не заўсёды адчуваецца, мы рухаемся ў правільным кірунку».
У якім аб’ёме ўдалося дасягнуць задачы, не ўдакладняецца. Аднак зымбабвійскі лідэр адзначыў «важную ролю» Расеі ў разьвіцьці афрыканскага кантынэнту, нагадаўшы, што тая спрыяла барацьбе з каляніяльным рэжымам у рэгіёне і дагэтуль падтрымлівае краіны Афрыкі.
Пакуль Эмэрсан Мнангагва ажыцьцяўляе эўрапейскі ваяж, у Зымбабвэ адбываюцца жорсткія сутычкі насельніцтва з паліцыяй, справакаваныя двухразовым падвышэньнем цэнаўна паліва.
Як паведамляе ВВС, людзі перакрываюць дарогі, узводзяць барыкады, падпальваюць аўтамабільныя шыны.
Паступаюць зьвесткі, што некалькі чалавек загінулі, блізу двух дзясяткаў параненыя, сотні пратэстоўцаў арыштаваныя.