Сьвет стаіць перад новай «гонкай узбраеньняў» — вострым спаборніцтвам у стварэньні штучнага інтэлекту (artificial intelligence arms race).
Гэтак лічыць амэрыканскі палітоляг і вайсковы экспэрт Майкл Горавіц, які ў двухмесячніку Foreign Policy спрабуе вызначыць некаторыя рысы гэтай сусьветнай гонкі.
Паводле Горавіца, гэтае тэхналягічнае спаборніцтва будзе адрозьнівацца ад клясычнай гонкі ўзбраеньняў, вядомай з пэрыяду «халоднай вайны», наступнымі прыкметамі:
- Паколькі стварэньне штучнага інтэлекту датычыць праграмнага забесьпячэньня і матэматычных альгарытмаў (software), а не кампутарнай апаратуры (hardware), мала праўдападобна, што будзе гэта спаборніцтва выключна паміж дзьвюма звышдзяржавамі з розных палітычных полюсаў (наогул мяркуецца, што паміж ЗША і Кітаем). Насамрэч, стварэньне штучнага інтэлекту будзе «шматполюснай» гонкай, у якой возьмуць істотны ўдзел і іншыя, меншыя дзяржавы (напрыклад, Аўстралія, Францыя. Японія, Швэцыя);
- Стварэньне штучнага інтэлекту будзе фінансавацца ня толькі зь дзяржаўных бюджэтаў, як было наогул пры гонцы ўзбраеньняў, але — і то ў пераважнай ступені — з прыватных рэсурсаў, напрыклад, такімі кампаніямі, як Google і Microsoft;
- Паколькі штучны інтэлект знойдзе выкарыстаньне ня толькі ў вайсковай, але і ў цывільнай сфэры, яго распрацоўкі цяжка будзе ўтрымаць у таямніцы;
- Гонку ўзбраеньняў можна было да пэўнай абмяжоўваць ці нават прыпыняць міжнароднымі дамовамі і пагадненьнямі, арыентаванымі на тое, каб паменшыць рызыку ваеннага канфлікту. Паколькі штучны інтэлект сам па сабе не зьяўляецца зброяй, яго стварэньне і разьвіцьцё хутчэй за ўсё будзе немагчыма абмежаваць нейкім эфэктыўным міжнародным рэжымам пагадненьняў і кантролю;
- Распрацоўка штучнага інтэлекту стварае даволі верагодную магчымасьць для меншых эканамічна і слабейшых палітычна краінаў выперадзіць ЗША ў выкарыстаньні новых тэхналёгій у вайсковай сфэры. Упершыню за 75 гадоў, дапускае Майкл Горавіц, ЗША могуць апынуцца ў сытуацыі, калі на полі бою супраць іх можа быць выкарыстаная больш прасунутая тэхналёгія, чым іх уласная.