Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі менш ахвяраваць на дабрачыннасьць, — сусьветны рэйтынг 


Беларусь апынулася на 121-м месцы сярод 146 краінаў сьвету ў індэксе дабрачыннасьці, які склала міжнародная дабрачынная арганізацыя Charities Aid Foundation па выніках 2017 году.

На першым месцы ў рэйтынгу знаходзіцца Інданэзія. У дзясятку лідэраў уваходзяць таксама Аўстралія, Новая Зэляндыя, ЗША, Ірляндыя, Вялікая Брытанія, Сынгапур, Кенія, М’янма і Бахрэйн.

Найменш займаюцца дабрачыннасьцю ў Емэне (апошняе 144 месца), а таксама ў Грэцыі, Кітаі, Палестыне, Камбоджы, Азэрбайджане, у суседніх зь Беларусьсю Літве (138 месца) і Латвіі (137), а таксама ў Аўганістане і Тунісе.

У іншых суседзяў Беларусі паказьнікі ў рэйтынгу наступныя: Украіна — 81 месца, Расея — 110 месца, Польшча — 112 месца.

Пры складаньні рэйтынгу ўлічваліся наступныя паказьнікі:

  • ці ахвяравалі людзі грошы на дабрачыннасьць,
  • ці былі валянтэрамі,
  • ці дапамагалі незнаёмым людзям.

Сярод апытаных падчас дасьледаваньня беларусаў 19% адказалі, што займаюцца валянтэрствам, 21% — што ахвяравалі грошы на працягу апошняга месяца, 31% — што дапамагаюць незнаёмцам.

Цікава, што ў Беларусі жанчыны часьцей дапамагаюць незнаёмым людзям, чым мужчыны. Розьніца ацэньваецца ў 10%.

У апытаньні ўдзельнічала каля 1000 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 15 гадоў з розных мясьцінаў краіны.

Па выніках папярэдніх гадоў Беларусь займала наступныя месцы ў рэйтынгу:

  • па выніках 2016 году — 117-е месца,
  • 2015 — 100-е месца,
  • 2014 — 103 месца,
  • 2013 — 83 месца,
  • 2012 — 93 месца,
  • 2011 — 91 месца,
  • 2010 — 87 месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG