Позна ўвечары ў Гданьску адбыўся напад на прэзыдэнта (мэра) гораду Паўла Адамовіча. Пасьля рэанімацыі на месцы здарэньня яго перавезьлі ў шпіталь. Лекары ацэньваюць ягоны стан як крытычны, паведамляе Rzeczpospolita.
Напад адбыўся падчас фіналу штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі». На сцэну, дзе адбывалася дзея, забег мужчына і напаў на палітыка. Пасьля гэтага нападніка затрымалі.
Паводле журналіста парталу Onet.pl, нападнік пачаў крычаць, што быў невінаваты і сядзеў у турме, калі Польшчай кіравала лібэральная партыя «Грамадзянская плятформа». Падчас штурханіны на сцэне нападнік параніў мэра Адамовіча.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіла адна са сьведак.
— Я чула, што ён крычаў, як пяць год беспадстаўна сядзеў у турме. Потым былі крыкі, што там кроў, і клікалі лекара.
Пазьней у сеціве зьвіўся запіс канцэрту.
— Я сядзеў невінаваты ў турме, «Грамадзянская плятформа» мяне катавала, — крычаў мужчына да таго, як быў затрыманы.
Абноўлена: Лекары змаглі аднавіць працу сэрца Адамовіча, напісаў у сваім твітэры прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Павал Адамовіч — адзін з самых папулярных польскіх мэраў. Яму 53 гады, паходзіць зь сям’і перасяленцаў зь Вільні. Жыхары Гданьску пераабіраюць яго на пасаду прэзыдэнта гораду з 1998 году. Адзін са стваральнікаў структураў «Грамадзянскай плятформы» Гданьску.