Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямнічая жонка Кім Чэн Ына — хто яна?


Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын з жонкай Лі Соль Чжу
Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын з жонкай Лі Соль Чжу

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын насуперак традыцыі на публіцы зьяўляецца са сваёй жонкай. Візыт у Пэкін на сустрэчу са старшынём КНР Сі Цзіньпінам ня стаў выключэньнем — Кім прыбыў на бронецягніку ў суправаджэньні Лі Соль Чжу. Факты, вядомыя пра яе, сабрала ВВС.

Хто яна, жонка лідэра КНДР?

Вядома пра яе нікчэмна мала, а тыя крупінкі інфармацыі, што ўдаецца знайсьці, немагчыма праверыць.

У першы раз яна зьявілася ў тэлевізійных навінах у 2011 годзе — падчас пахаваньня Кім Чэн Іра яна стаяла побач з Кім Чэн Ынам. Тады ніхто, у тым ліку і паўднёвакарэйская і амэрыканская выведкі, ня ведалі, хто яна. Яшчэ прынамсі год лічылася, што дзяўчына можа быць сястрой Кім Чэн Ына або іншай ягонай сваячкай.

Некаторыя ў выведцы Паўднёвай Карэі лічылі, што гэта салістка ансамбля «Пачхонба» Хён Сон Воль. З Паўночнай Карэі паступалі непацьверджаныя паведамленьні, што ўлады канфіскоўвалі ў насельніцтва кампакт-дыскі з запісамі яе выступаў.

Паводле іншых дадзеных, Лі Соль Чжу наведвала Паўднёвую Карэю ў 2005 годзе ў складзе каманды паўночнакарэйскіх чырлідэраў падчас чэмпіянату Азіі ў лёгкай атлетыцы. Праверыць гэтую інфармацыю, праўда, немагчыма.

Пра яе вясельле з Кім Чэн Ынам паўночнакарэйскія СМІ паведамілі ў ліпені 2012 году, хоць пасьля гэтага выведка Паўднёвай Карэі прыйшла да высновы, што, хутчэй за ўсё, вясельле адбылося трыма гадамі раней.

Кім Чэн Ын з жонкай, архіўнае фота
Кім Чэн Ын з жонкай, архіўнае фота

Імя і ўзрост

Пра Лі Соль Чжу вядома надзіва мала, і гэта пры тым, што вакол яе, мяркуючы па ўсім, ствараецца культ асобы. Улетку 2018 году афіцыйная прэса Паўночнай Карэі перастала называць яе проста таварышам Лі, і ў яе зьявіўся новы тытул: «Паважаная першая лэдзі».

Пры гэтым дакладна не вядома, ці сапраўды яе завуць Лі Соль Чжу. У паўночнакарэйскай дынастыі прынята мяняць імёны. Кім Ір Сэна, заснавальніка дынастыі Кімаў і дзеда Кім Чэн Ына, бацькі назвалі Кім Сон Чжу, а пазьней ён сам выбраў сабе рэвалюцыйны псэўданім, які перакладаецца як «Узыходзячае Сонца».

Ягоны сын Кім Чэн Ір, паводле некаторых зьвестак, нарадзіўся ў Сыбіры і ў мэтрыцы быў запісаны, згодна з савецкімі і кітайскімі крыніцамі, як Юры Ірсэнавіч Кім. Паўночнакарэйская гістарыяграфія, праўда, сьцьвярджае, што ён нарадзіўся ў лягеры партызанаў на сьвятой гары Пэктусан, у Паўночнай Карэі.

Колькі гадоў выбраньніцы Кіма, таксама невядома. Мяркуючы па ўсім, яна нарадзілася ў прамежку паміж 1985 і 1989 гадамі. Гэта значыць цяпер ёй можа быць ад 30 да 34 гадоў.

Сям’я

Пра дзяцінства Лі Соль Чжу вядома мала, афіцыйных зьвестак няма.

Рэдактар выданьня North Korea Leadership Watch Майкл Мэдэн сьцьвярджае, што Лі Соль Чжу нарадзілася ў горадзе Чхонджын, на ўсходнім узьбярэжжы Паўночнай Карэі. Яна, мяркуецца, вучылася ва ўнівэрсытэце імя Кім Ір Сэна ў Пхэньяне. Паўднёвакарэйскія крыніцы сьцьвярджаюць, што яна таксама вучылася сьпевам у Кітаі.

Кім былі яе бацькі, мала хто ведае напэўна: паводле некаторых крыніц, яе бацька быў лекарам; згодна зь іншымі – афіцэрам арміі.

Абставіны знаёмства Лі Соль Чжу з Кім Чэн Ынам таксама агорнутыя таямніцай.

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і яго жонка Лі Соль Чжу (у цэнтры) у тэатры
Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і яго жонка Лі Соль Чжу (у цэнтры) у тэатры

Дзеці

У Лі Соль Чжу і Кім Чэн Ына, паводле розных крыніц, трое дзяцей. Але на ўсе 100% у гэтым ніхто ня ўпэўнены.

Адзіная прычына, якая прымусіла назіральнікаў зрабіць выснову пра траіх дзяцей у сям’і Кіма, — раптоўныя зьнікненьні і вяртаньні ў публічную сфэру ягонай жонкі. Ніякіх афіцыйных аб’яваў аб нараджэньні дзяцей у сям’і ніколі не рабілі.

У 2010 годзе, паводле некаторых дадзеных, яна нарадзіла сына. У 2012 годзе зноў зьявіліся чуткі, што Лі Соль Чжу цяжарная. У сакавіку 2013 году былы амэрыканскі баскетбаліст Дэніс Родман, які пасябраваў з Кім Чэн Ынам, казаў, што быў у іх у гасьцях і трымаў на руках ягоную дачку, якую завуць Чжу Э.

Паўднёвакарэйская выведка паведамляе, што Лі Соль Чжу нарадзіла трэцяе дзіця ў лютым 2017 году. Пол дзіцяці пакуль невядомы.

Кім Чэн Ын (усярэдзіне), яго жонка Лі Соль Чжу (зьлева) і былы баскетбаліст NBA Дэніс Родман падчас баскетбольнага матчу ў Пхэньяне, 28 лютага 2013
Кім Чэн Ын (усярэдзіне), яго жонка Лі Соль Чжу (зьлева) і былы баскетбаліст NBA Дэніс Родман падчас баскетбольнага матчу ў Пхэньяне, 28 лютага 2013

Публічная пэрсона

Лі Соль Чжу амаль увесь час суправаджае свайго мужа Кім Чэн Ына. Яна была з Кім Чэн Ынам падчас яго першага візыту ў Пэкін, прысутнічала на саміце з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам. Да гэтага часу жонкі паўночнакарэйскіх лідэраў трымаліся ў цені і ніколі не зьяўляліся на публіцы.

Раскоша

Калі меркаваць па фатаздымках першай лэдзі, яна любіць дарагія заходнія брэнды: выбірае сумачкі ад Dior і Chanel і, паводле назіральнікаў, аддае перавагу брэндам Red Valentino, Dior, Tiffany, і Movado.

Лі Соль Чжу любіць упрыгажэньні, і, мяркуючы па фота, дазваляе сабе, у адрозьненьне ад практычна ўсіх астатніх грамадзян Паўночнай Карэі, зьяўляцца на публіцы без значка з партрэтамі Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра. Замест гэтага яна часта носіць дарагую брошку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG