Пракурор запрасіла найвышэйшую меру пакараньня для 36-гадовага беспрацоўнага жыхара Бабруйску Аляксандра Асіповіча, у кватэры якога 20 ліпеня мінулага году былі знойдзеныя целы дзьвюх дзяўчат са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці.
8 студзеня ў абласным судзе ў Бабруйску праходзяць спрэчкі бакоў у справе аб двайным забойстве.
Дзяржаўная абвінаваўца Вольга Іванова заявіла, што абвінавачваны ў момант забойства ўсьведамляў, што адбываецца, а пасьля паспрабаваў схаваць сьляды злачынства. Аднак пасьля ён сам зьявіўся ў міліцыю з павіннай, што ў гэтым выпадку ня можа быць змякчальнай акалічнасьцю. Пракурор лічыць, што Асіповіч ня здольны да выпраўленьня ў месцах пазбаўленьня волі.
Яна падрэсьліла, што Аляксандар Асіповіч забіваў у стане алькагольнага ап’яненьня і неаднаразова замахваўся раней на жыцьцё і здароўе грамадзян. Вольга Іванова таксама адзначыла, што забітыя Асіповічам жанчыны пры жыцьці не вызначаліся ўзорнымі паводзінамі. Яна дапусьціла, што яны паехалі на кватэру да абвінавачванага, каб учыніць супрацьпраўныя дзеяньні, але пацьверджаньня гэтаму няма, толькі словы самога Асіповіча.
У сваім апошнім слове Аляксандар Асіповіч прасіў суд не пазбаўляць яго жыцьця, а даць магчымасьць працаваць і выплачваць шкоду нанесеную ім. Ва ўчыненым ён раскайваецца. Сваё апошняе слова падсудны прамаўляў плачучы.
У ноч на 20 ліпеня дзьве бабруйчанкі, Алеся Клімава і Крысьціна Крушкіна, бавілі час у адной з забаўляльных устаноў гораду, дзе пазнаёміліся з 36-гадовым Аляксандрам Асіповічам. Пасьля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру.
А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала, прасіла дапамогі. Сказала, што яны зь сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражае. Назваць дакладны адрас не змагла. Пазьней жанчын знайшлі забітымі. Як устанавіла сьледзтва, гаспадар кватэры нанёс жанчынам шматлікія ўдары рукамі, нажом і малатком.
Паводле экспэртаў, меркаваны забойца ўсьведамляў характар сваіх дзеяньняў. Яму выставілі абвінавачваньне ў забойстве дзьвюх і больш асобаў, учыненых з асаблівай жорсткасьцю (п. 1, частка 2, 139-ы артыкул Крымінальнага кодэксу). Артыкул прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.
Сьцісла пра асуджанага
- Аляксандар Асіповіч 1982 году нараджэньня. Разьведзены. Дзяцей ня мае.
- Чатыры разы быў асуджаны. У месцах пазбаўленьня волі прабыў 11 з паловай гадоў. Судзілі яго за хуліганства, прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, рабаваньне.
- Да апошняга злачынства працаваў у прыватнай фірме па зборцы акон.
Сваю віну ў забойстве дзьвюх жанчын Асіповіч прызнаў. Суду казаў, што, пабачыўшы ўчыненае, хацеў павесіцца. Заяўляў, што «70 адсоткаў» таго, што адбылося зь ім раніцай 20 ліпеня, ня памятае. Пасьля забойства прыбраў кватэру. Акрываўленыя рэчы сваіх ахвяр выкінуў у бак для сьмецьця. Сьледзтва зрабіла выснову, што абвінавачаны разьдзеў забітых жанчын, каб целы расчляніць і такім чынам пазбавіцца ад іх. Асіповіч з гэтым не пагадзіўся.