У пункце пропуску Весялоўка, што на мяжы з Украінай, беларускія мытнікі затрымалі «запакаваную» парушальніцу мяжы.
Як піша Памежны камітэт, 3 студзеня ў час агляду машыны ВАЗ з расейскай рэгістрацыяй памежнікі і мытнікі зьвярнулі ўвагу на торбу «з прыкметамі жыцьця». У ёй знайшлі 22-гадовую жанчыну, якая такім чынам спрабавала перасекчы мяжу.
Жанчыну з торбы і кіроўцу затрымалі, на час разбору зьмясьцілі ў ізалятар. Праваахоўнікі завялі справу за спробу незаконнага перасячэньня мяжы і парушэньня правілаў перабываньня (паводле арт. 23.29 і 23.55 КаАП РБ), за што затрыманым пагражае дэпартацыя або штраф да 100 базавых велічыняў (2550 рублёў).