На захадзе Нямеччыны 50-гадовы мужчына наўмысна наехаў на групу людзей, пацярпелі як мінімум чатыры чалавекі. Як паведаміла ў аўторак мясцовая паліцыя, інцыдэнт адбыўся ў навагоднюю ноч.
Удакладняецца, што кіроўца некалькі разоў паспрабаваў на сваім аўтамабілі наехаць на мінакоў у розных месцах — спачатку ў горадзе Ботрап, затым у Эсэне (абодва — фэдэральная зямля Паўночны Рэйн — Вэстфалія). У Ботрапе ён накіраваў машыну спачатку на выпадковага мінака, затым наехаў на групу мігрантаў з Сырыі і Афганістану. «Пацярпелі як мінімум чатыры чалавекі», — адзначылі ў паліцыі.
Пасля мужчына паехаў у Эсэн, дзе накіраваў сваю машыну на людзей, што стаялі на аўтобусным прыпынку. «Усё было падобна да паляваньня на людзей », - паведамілі ў праваахоўных органах.
Нападнік затрыманы. У паліцыі сыходзяць з таго, што матывам яго дзеяньняў была ксэнафобія, бо падчас затрыманьня зь яго боку прагучалі выказваньні адпаведнага характару.