Вугорскія ўлады прыбралі любімую многімі статую Імрэ Надзя, героя антысавецкіх паўстаньняў 1956 году, з плошчы ў цэнтры Будапэшту.
Статуя Надзя будзе перамешчаная на іншую плошчу, якая знаходзіцца на поўначы Будапэшту, удалечыні ад будынка парлямэнту.
Як паведамляе BBC, статую Імрэ Надзя ў цэнтры вугорскай сталіцы заменіць помнік ахвярам камуністычнага рэжыму ў 1919 годзе.
Імрэ Надзь быў расстраляны камуністамі ў 1958 годзе за ўдзел у антысавецким паўстаньні. Будучы прэм'ер-міністрам Вугоршчыны, ён выступаў за рэформы і імкнуўся вызваліць краіну ад бескампраміснага камуністычнага праўленьня. Але ў 1956 годзе паўстаньне было задушана савецкімі танкамі.
Статуя была адкрытая ў 1996 годзе на плошчы Пакутнікаў.
У 1989 годзе Віктар Орбан — тады антыкамуністычны актывіст — зьвярнуўся да людзей на мітынгу з прапановай перапахаваць і рэабілітаваць Імрэ Надзя.
Але ў апошнія гады Орбан умацаваў сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, які аднавіў сымбалі савецкай эпохі і які шкадуе пра распад СССР.
Новы помнік на плошчы Пакутнікаў будзе паўтараць той, які стаяў там падчас пранацысцкага праўленьня адмірала Міклаша Хорта.
Прыхільнікі Орбана кажуць, што сэнс замены помнікаў заключаецца ў тым, каб вярнуць гэтай частцы сталіцы той выгляд, які яна мела да Другой усясьветнай вайны.