Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі другі раз за месяц зьнізілі мыта на нафту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь ад 1 студзеня 2019 году зьнізіла экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца па-за межы мытнай тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Такую пастанову 28 сьнежня прыняў Савет Міністраў.

Стаўку экспартнай мыта на сырую нафту зьнізілі з $135,1 да $89 за 1 т. Мыта на бэнзін прамой гонкі зьнізіцца з $74,3 да $48,9 за 1 т, на таварныя бэнзіны з $74,3 да $48,9 за 1 т. Мыта на лёгкія і сярэднія дыстыляты зьнізілася да $26,7 за 1 т. Такое ж мыта ўсталявалі для дызэльнага паліва, бэнзола, толуола, ксілолаў, змазачных і іншых аліваў.

Апошні раз мыта на нафтапрадукты ўрад Беларусі зьмяншаў 1 сьнежня. Традыцыйна, Беларусь зьмяншае мыта на нафтапрадукты пасьля аналягічных зьменаў у Расеі. Памер новага мыта таксама традыцыйна супадае.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG