Большасьць удзельнікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў ЗША Reuters / Ipsos, усклалі адказнасьць за часовае закрыцьцё фэдэральных урадавых установаў (шатдаўн) на прэзыдэнта Дональда Трампа, а не на дэмакратаў у Кангрэсе, паведамляе «Голас Амэрыкі».
47% апытаных лічаць, што ў шатдаўне вінаваты Трамп; дэмакратаў абвінавачваюць 33% рэспандэнтаў. 7% ўскладаюць адказнасьць на рэспубліканцаў. Апытаньне праводзілася з 21 па 25 сьнежня.
Ідэю фінансаваньня будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай падтрымалі 35% удзельнікаў апытаньня; пры гэтым толькі 25% згодныя з тым, што Трамп спыніў працу ўраду з-за гэтага пытаньня.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 25 сьнежня заявіў, што шатдаўн будзе працягвацца, пакуль Кангрэс ня выканае ягоных патрабаваньняў і ня выдзеліць сродкаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Спрэчка з нагоды яе фінансаваньня прывяла да таго, што прыкладна 20% фэдэральных ведамстваў засталіся бяз сродкаў. Астатнія 80% шатдаўн амаль не закрануў.
Шатдаўн, які працягваецца ўжо шэсьць дзён, пакуль істотна не паўплываў на працу 800 тысяч фэдэральных службоўцаў — у асноўным таму, што многія зь іх цяпер у адпачынках. Зрэшты, неўзабаве сытуацыя можа зьмяніцца. Урадавыя ведамствы пачалі апавяшчаць грамадзкасьць аб спыненьні дзеяньня шэрагу праграмаў. Так, Фэдэральнае агенцтва надзвычайных сытуацый паведаміла аб спыненьні выдачы новых страховак дамоў ад паводак. Гэта можа прывесьці да падзеньня продажаў нерухомасьці ў ЗША.
Апытаньне Reuters / Ipsos праводзілася на ўсёй тэрыторыі ЗША, удзел у ім прынялі 2440 чалавек, у тым ліку 946 дэмакратаў і 846 рэспубліканцаў.