Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) усё яшчэ працягвае чакаць вяртаньня 24 мэдалёў, якія былі адабраныя ў расейскіх спартоўцаў, абвінавачаных ва ўжываньні допінгу на Гульнях 2008, 2012 і 2014 гадоў. Паводле дадзеных ТАСС, у лёгкай атлетыцы расейскія алімпійцы вярнулі толькі пяць мэдалёў.
МАК зьвярнуўся з афіцыйным лістом у Алімпійскі камітэт Расеі з патрабаваньнем да 24 сьнежня паінфармаваць усе нацыянальныя фэдэрацыі аб неабходнасьці вярнуць узнагароды. Гэта мусяць зрабіць і «чыстыя» спартоўцы, якія выступалі ў адной камандзе або экіпажы з парушальнікамі.
Маштабныя пераправеркі допінг-пробаў удзельнікаў летніх Алімпіяд 2008 і 2012 гадоў, арганізаваныя МАК напярэдадні Гульняў-2016, выявілі парушэньні антыдопінгавых правілаў некалькімі расейскімі спартоўцамі, алімпійскія вынікі якіх пасьля працяглых разглядаў, у тым ліку і ў Спартовым арбітражным судзе, былі ануляваныя.
У зімовых відах спорту МАК раней абвінаваціў у парушэньні антыдопінгавых правілаў 43 расейскіх спартоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Гульнях у Сочы. Спартовы арбітражны суд апраўдаў 28 алімпійцаў. Заваяваныя мэдалі мусяць вярнуць бабслэісты, якія перамаглі ў двойках і чацьвёрках.
21 лістапада Маскоўскі гарадзкі суд упершыню ў гісторыі спрэчкі дазволіў прэзыдэнту Фэдэрацыі бабслэю Расеі Аляксандру Зубкову не выконваць рашэньне Спартовага арбітражнага суду і не вяртаць два залатыя мэдалі Алімпійскіх гульняў 2014 году ў Сочы. Алімпійскі камітэт Расеі абскардзіў гэтае рашэньне. У ДКР лічаць, што яно можа прывесьці да адхіленьня расейскай зборнай ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у 2020 годзе і непрызнаньня рашэньня спартовага арбітражу па 28 расійскіх спартоўцах, апраўданых у справе аб допінгу.
Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў Расею ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году ў Пхёнчхане за «выбудаваную на дзяржаўным узроўні сыстэму ўжываньня допінгу». Раней праз допінгавы скандал расейскія лёгкаатлеты не маглі прыняць удзел у летніх Гульнях у Рыю-дзі-Жанэйру, а на Паралімпіядзе ў Бразыліі спартоўцаў з Расеі не было наогул.