Дзяніс Урбановіч «дэманстратыўна зьдзяйсьняў нанясеньне ўдараў у звон». Яго пакаралі штрафам у 980 рублёў.
Новага кіраўніка зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча пакаралі штрафам за акцыю «Ноч расстраляных паэтаў», якая праходзіла сёлета 29 кастрычніка каля Курапатаў. Пра гэта ў сваім акаўнце ў фэйсбуку паведаміў Павал Севярынец.
Судзьдзя Лагойскага раённага суду Аксана Сарахман прыняла рашэньне пакараць Дзяніса Ўрбановіча штрафам у 980 рублёў (40 базавых велічыняў).
Суд прызнаў Урбановіча вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаваньні», а менавіта ў тым, што «Ўрбановіч каля падземнага пераходу поруч з Курапатамі дэманстратыўна зьдзяйсьняў нанясеньне ўдараў у звон».
У ноч з 29 на 30 кастрычніка каля Курапатаў праходзіла акцыя «Ноч расстраляных паэтаў». Каля 100 чалавек узялі ўдзел у жалобнай акцыі памяці тых, каго забілі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Тады ў сутарэньнях НКВД былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі.